Общество

Жыццё бяз пашпарта. Які статус маюць былыя палітвязьні, якіх вывезьлі за мяжу без дакумэнтаў

Каля трох дзясяткаў нібыта памілаваных палітзьняволеных вывезьлі зь Беларусі без пашпартоў. Які праўны статус у гэтых людзей? Ці яны «апатрыды», людзі без грамадзянства? Радыё Свабода разьбіраліся зь юрыстам, праваабаронцамі і самімі выправаджанымі.

Даведка, якую Уладзю Лабковічу выдалі замест пашпарта падчас выдварэньня з Беларусі

Паводле дамоўленасьці з прадстаўнікамі ЗША Аляксандар Лукашэнка летась памілаваў некалькі групаў палітвязьняў. Першую групу зь некалькіх дзясяткаў чалавек вывезьлі ў Літву ў чэрвені.

11 верасьня туды ж адправілі ўжо больш за 50 вызваленых людзей. 13 сьнежня яшчэ 121 былога палітвязьня вывезьлі ва Ўкраіну. Адтуль бальшыня (каля 90 чалавек) выехалі ў Польшчу, меншая частка ў Літву.

Як высьветлілася пазьней, частку палітвязьняў вывезьлі зь Беларусі без пашпартоў. Замест іх людзям на мяжы выдалі даведкі на аркушы фармату А4 з фота і пячаткай.

Пашпарты для ворагаў

У верасьні 2025 году прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант у інтэрвію расейскаму агенцтву ТАСС заявіла, што вывезеных за мяжу з турмаў беларусаў памілавалі.

— Прапаганда кажа пра памілаваньне. Гавораць пра гуманізм. Тады чаму няма ў адкрытай публічнай прасторы ўказу, дзе пайменна пералічваюцца людзі, якіх памілавалі? — задае ў размове з Свабодай рытарычнае пытаньне праваабаронца, юрыст «Вясны» Леанід Судаленка.

Пашпарты палітзьняволеным, якіх вызваляюць і высылаюць з краіны, не аддаюць сьвядома, прызнаўся Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні дэлегатаў VII Усебеларускага народнага сходу 18 сьнежня.

— Яны нам не патрэбныя. Калі гэта вашы людзі, забірайце, вывозьце іх, што хочаце, тое і рабіце. Выехаў — гвалтам крычыць: а пашпартоў няма! Дык што — пашпарты мы павінны выпісваць нашым ворагам? — сказаў Лукашэнка, які ў верасьні 2023 году сваім указам забараніў афармляць пашпарты ў беларускіх замежных консульствах і амбасадах.

КДБ

Былы палітвязень Андрэй (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС), якога вызвалілі 11 верасьня і выправадзілі за мяжу, кажа, што без пашпартоў апынуліся людзі, якіх напярэдадні з калёніяў прывезьлі ў КДБ. Гэта ў асноўным вядомыя, «знакавыя» асобы (прафсаюзныя актывісты Генадзь Фядыніч, Аляксандар Ярашук, анархіст Мікола Дзядок, блогер Ігар Лосік ды іншыя).

Ім выдалі даведкі на звычайным аркушы А4 з фота і пячаткай і подпісам кіраўніка Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.

Пры гэтым дзейныя дакумэнты ў іх былі. Да прыкладу, прафсаюзны лідэр Генадзь Фядыніч новы пашпарт атрымаў у калёніі ў 2022 годзе, пасьля заканчэньня тэрміну дзеяньня старога. Але ў Літве Фядыніч апынуўся бяз гэтага новага пашпарту.

— Я спачатку наагул не задумваўся і не хваляваўся, што апынуўся бяз пашпарту — галоўнае, я на волі! Некалькі дзён жыў у гатэлі, потым у сяброў. Але калі арандаваў кватэру, сутыкнуўся з праблемай: гаспадары патрабавалі дакумэнт, а ў мяне была толькі паперка фармату А4.

Зь сябрамі, у тым ліку і ўплывовым знаёмым грамадзянінам Літвы, угаварылі ўласьнікаў жытла, каб праявілі спагадлівасьць і пагадзіліся здаць мне кватэру. Праз 4 месяцы я атрымаў дазвол на жыхарства, а некалькі дзён таму — літоўскі падарожны дакумэнт тэрмінам на 3 гады, — расказвае Андрэй.

Яшчэ адзін вызвалены 11 верасьня 2025 году і вывезены ў Літву бяз пашпарту палітвязень Мікола Дзядок расказаў, што прыкладна праз 3,5 месяцы ён атрымаў часовы дазвол на жыхарства, крыху пазьней — літоўскі падарожны дакумэнт. Абодва — тэрмінам на 3 гады.

— Пры арэндзе кватэры мне пашанцавала, я даў рады і бяз пашпарту. Але ведаю, што іншыя ў такім жа становішчы мелі праблемы. Я думаю, Лукашэнка так паступіў ад бясьсільля. Улады ж цудоўна разумеюць, што ані я, ані Мацкевіч (мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч. — РС) не паедзем у Беларусь. То трэба зрабіць хоць вось такі жэст. У ім больш сымбалізму („вы больш не беларусы — пайшлі на …!“), чым рэальнай шкоды, — кажа Мікола Дзядок.

Сярод вызваленых і вывезеных зь Беларусі 13 сьнежня без пашпартоў апынуліся таксама палітвязьні Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, Максім Знак, Аляксандар Фядута, Марына Золатава ды іншыя.

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) Павал Латушка, спасылаючыся на старшыню ўправы ў справах іншаземцаў Польшчы Томаша Цытрыновіча, паабяцаў, што тэрміны атрыманьня польскіх дакумэнтаў для беларусаў будуць скарочаныя. Але пакуль вызваленыя ў сьнежні беларусы ў Польшчы і Літве яшчэ чакаюць дазволаў на жыхарства ды іншых дакумэнтаў.

Адвакат, юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк тлумачыць, што ўсе гэты людзі, нягледзячы на адсутнасьць пашпартоў, застаюцца грамадзянамі Беларусі.

— Праўны статус гэтых людзей такі самы, як і ўсіх 9 мільёнаў беларусаў у Беларусі і паўмільёна за мяжой — усе яны грамадзяне Рэспублікі Беларусь. Тое, што ў чалавека незаконна адабралі пашпарт, не пазбаўляе яго грамадзянства.

Аналёгія — калі цябе абрабавалі ў падарожжы ці ты згубіў пашпарт, то, нягледзячы на гэтую сумную падзею, усе тваё правы і абавязкі грамадзяніна за табой захоўваюцца. Міжнароднае права прадугледжвае у такіх сытуацыях, што дзяржава, якая прымае ўцекачоў, выдае ім дакумэнты, што пацьвярджаюць іх асобу, — тлумачыць Міхаіл Кірылюк.

Стрэльба на сьцяне

Праваабаронца, юрыст «Вясны» Леанід Судаленка таксама перакананы, што хоць у Закон аб грамадзянстве Беларусі ў 2023 годзе і былі ўнесеныя зьмены аб праве дзяржавы пазбавіць грамадзянства (нават атрыманага па нараджэньні) за крымінальныя злачынствы «экстрэмісцкага» або «тэрарыстычнага» характару, пакуль такіх прыкладаў не было.

— Але стрэльбу ўжо павесілі на сьцяну! Пакуль гэтая стрэльба яшчэ ні разу ня стрэліла — нікога з запісаных у «экстрэмісты» ці «тэрарысты» не пазбавілі грамадзянства. А значыць, пакуль усе гэтыя людзі ёсьць грамадзянамі Рэспублікі Беларусь — незалежна ад таго, ці страціў дзеяньне пашпарт, ці не.

Але некалі міністар унутраных справаў Іван Кубракоў прэзэнтуючы зьмены ў гэты закон, сказаў, што такіх людзей трэба на 30 гадоў пазбавіць магчымасьці прыяжджаць у Беларусь: маўляў, «яны здраднікі, навошта яны нам?» Пакуль не спрацавала… — кажа Леанід Судаленка.

Праваабаронца дадае, што ў беларускім заканадаўстве няма палажэньня аб парадку выправаджэньня грамадзян Беларусі, няма ніводнага нарматыўна-праўнага акту, які б вызначаў парадак такога выправаджэньня.

— Слова «дэпартацыя» тут не ўжываецца — дэпартаваць зь Беларусі можна толькі іншаземца. Чалавек, які атрымаў грамадзянства па нараджэньні, ня можа быць дэпартаваны з сваёй краіны. Мяркую, што ён можа быць выгнаны, высланы, і тут можна ўжыць словы «выправаджэньне», «выгнаньне», але толькі не «дэпартацыя», — перакананы праваабаронца Леанід Судаленка.

Што да выпадку зь Міколам Статкевічам, якога нібыта памілавалі, але зноў вярнулі ў турму ў Беларусі, праваабаронца лічыць, што гэта праўная сваволя.

— Будучы памілаваным, ён вярнуўся ў краіну. Чаму вы памілаванага чалавека зноў пасадзілі ў турму? Гэта што — паводле закону? Якія праўныя нормы, законы даюць права памілаванага зноў адправіць за краты? Гэта проста сваволя! — абураецца праваабаронца.

Былая палітзьняволеная Ларыса Шчыракова летась у верасьні вызвалілася з пашпартам — на літоўскім баку памежнікі аддалі ёй дакумэнт.

— Шчыракову вывезьлі з калёніі за пару месяцаў да сканчэньня тэрміну зьняволеньня. Без пастановы суду і юрыдычнай працэдуры, безь яе згоды. У Беларусі ў яе засталіся сын-падлетак і бацька (маці памерла, калі Ларыса была за кратамі. — РС). Ларыса вельмі хацела вярнуцца дадому. Але яе выправадзілі з краіны, — расказвае Леанід Судаленка.

У лістападзе Шчыракова даслала запыт у дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС Беларусі і папрасіла растлумачыць, якія ў яе правы і статус: ці яна вольная, ці асуджаная, ці можа прыехаць у Беларусь на магілу маці? Адказу дагэтуль няма.

Ці могуць памілаваныя і вывезеныя зь Беларусі палітвязьні вярнуцца ў Беларусь? Юрыст Міхаіл Кірылюк ня раіць гэтага рабіць:

— Я б на месцы гэтых людзей да зьмены ўлады на радзіму не вяртаўся. У Беларусі зараз дзейнічае права сілы, а ня сіла права. Можа адбыцца ўсё, што заўгодна. Могуць і вярнуць ў калёнію, і новы тэрмін прыдумаць — трэба ж памятаць, што абсалютна ўсе палітычныя справы сфальсыфікаваныя. Людзей абвінавачвалі ў нейкім фантастычным гвалце над міліцыяй, бруднай лаянцы, пагромах, псаваньні маёмасьці, чаго насамрэч не было. Таму сфальсыфікаваць яшчэ адну справу на няўгоднага палітычнага вязьня, які вярнуўся, ня будзе праблемы, — перакананы юрыст.

Ватыкан, Чырвоны Крыж і «Спортлато»

Як нібыта памілаваным, але выправаджаным з краіны беларусам адстойваць свае правы? Ці ёсьць сэнс зьвяртацца ва ўплывовыя міжнародныя структуры? Праваабаронца Леанід Судаленка выказваецца даволі скептычна.

— Эўрапейскі суд у правах чалавека ніколі ня быў дасяжны для беларусаў. Бо грамадзяне Беларусі — адзіныя ў Эўропе, пазбаўленыя магчымасьці падаваць скаргі супраць дзяржавы у ЭСПЧ. Раней была ААНаўская сыстэма абароны правоў чалавека. Але ў 2023 годзе Беларусь дэнансавала і факультатыўны пратакол Пакту грамадзянскіх і палітычных правоў — мы страцілі права і туды скардзіцца, — кажа спадар Судаленка.

І жартуе, што можна пісаць у Ватыкан, Чырвоны Крыж і нават у «Спортлато», як некалі сьпяваў Уладзімір Высоцкі.