«Я без усялякіх кампрамісаў веру ў чытача»
Беларускае выдавецтва, вымушанае пакінуць краіну, шукае шляхі, як данесці кнігі па-беларуску да чытачоў у розных кутках Еўропы і свету. Выдавец Андрэй Янушкевіч распавёў «Салідарнасці» пра тое, як беларускія кнігі прадаюцца праз Amazon.
Выдавецтва «Янушкевіч» паспяхова працавала ў Беларусі амаль дзесяць гадоў. Але ў 2022-м яго спачатку пазбавілі офіса, а потым прыйшлі з ператрусам у кнігарню «Кнігаўка», канфіскаваўшы ў выніку 200 кніг. Пасля содняў дырэктар выдавецтва Андрэй Янушкевіч вымушана з’ехаў з Беларусі ў Польшчу, дзе змог аднавіць дзейнасць.
Цяпер у выдавецтва тры асноўныя анлайн-каналы продажаў: уласная анлайн-кнігарня «Кнігаўка», польскі маркетплэйс Allegro, які працуе з дастаўкай не толькі па гарадах Польшчы, але і ў некаторых краінах Еўропы, а таксама ўсім вядомы Amazon.
«Салідарнасць» распытала Андрэя Янушкевіча, ці купляюць беларусы беларускамоўныя кнігі ў розных краінах Еўропы і свету.
– Дзякуючы Amazon кнігі вашага выдавецтва сталі даступныя па ўсім свеце. Па выніках першага квартала, у якіх краінах продажы аказаліся найбольш паспяховымі, а дзе, на вашу думку, пакуль не раскрыты патэнцыял?
– Практыка продажаў паказвае, што на дзіва моцна працуе геаграфічны фактар, і чым бліжэй краіна знаходзіцца да нашага сённяшняга месцазнаходжання, а гэта Польшча, тым лепшыя вынікі продажаў.
Найлепшыя продажы – у самой Польшчы, далей ідзе Германія, няблага сабе паказваюць Літва, Вялікабрытанія і Іспанія.
А вось Паўночная Амерыка пакуль развіваецца слаба, і гэта звязана перадусім з тым, што там мы не можам скарыстацца сістэмай фулфілменту.
– Наколькі апраўдала вашы чаканні мадэль з фулфілментам – калі кнігі захоўваюцца на складах Amazon, а заказы апрацоўваюцца без вашага ўдзелу?
– Адразу скажу, што пры супрацоўніцтве з Amazon гэта самая эфектыўная мадэль: яны не падтрымліваюць класічную мадэль супрацоўніцтва з маркетплэйсам, а аддаюць перавагу больш глыбокай супрацы. І яна паказвае нават у нашым сціплым выпадку эфектыўныя вынікі.
Калі ты карыстаешся фулфілментам, то маеш магчымасць скарыстацца ўсімі тымі перавагамі, якія прадстаўляе Amazon у дастаўцы. Менавіта тады працуе схема Amazon Prime для сталых падпісчыкаў, і яны могуць нашыя кнігі замаўляць для сябе бясплатна. Таксама дастаўка працуе даволі хутка, асабліва гэта датычыцца Заходняй Еўропы.
Але каб карыстацца сістэмай фулфілменту, павінны быць стабільна высокія продажы, бо захоўваць кнігі на складах Amazon – гэта даволі затратна, і пляцоўка не дазваляе, каб твае кнігі папросту ляжалі ў іх на складах – павінен быць пастаянны абарот, а калі яго няма, то стаўкі за захоўванне павялічваюцца, і ты трапляеш у яму.
– Якія тры кнігі цяпер з’яўляюцца лідарамі продажаў на Amazon паводле вашых дадзеных? Ці можна вылучыць, чым менавіта яны прыцягваюць замежнага чытача?
– Калі глядзець на рэйтынг продажаў, то сітуацыя даволі тыповая. Перадусім карыстаюцца попытам класічныя ўжо бестселеры – кнігі пра Гары Потэра Джоан Роўлінг і «Валадар Пярсцёнкаў» Дж. Р. Р. Толкіна. Нядрэнна прадаюцца кнігі Альгерда Бахарэвіча – асабліва «Сабакі Эўропы».
Вялікую ролю адыгрывае цэнавы фактар. Цягам некалькіх месяцаў мы рабілі значныя зніжкі на Amazon – і на кнігі са зніжкай як замежных, так і беларускіх аўтараў, быў вялікі попыт.
Увогуле ўзаемадзеянне з чытачом выглядае так: чытач хоча выдатных тэкстаў, і менавіта якасць, арыгінальнасць, таленавітасць тэксту з'яўляецца галоўным чыннікам пры выбары кніг.
– Ці ёсць кніга, якая, на вашу думку, заслугоўвае большай увагі, але пакуль застаецца ў ценю іншых? Чаму беларусам варта яе прачытаць?
– Ведаеце, я безумоўна, без усялякіх кампрамісаў, веру ў чытача. Я ведаю, што навязаць яму сваю волю, нават пры самай інтэнсіўнай рэкламнай падтрымцы, – гэта бесперспектыўны шлях. Чытацкая аўдыторыя даволі абазнаная, і яна добра разумее, дзе цікавы і таленавіты тэкст, а дзе ён не пасуе.
Бываюць выпадкі, калі аўдыторыі тэкст не заходзіць, таму што яна яго лічыць проста неактуальным, спазніўшымся, нягледзячы на тое, што ён напісаны добра. Але тут таксама пытанне да аўтара, чаму яму не ўдалося авалодаць увагай аўдыторыі, чаму ён не зразумеў актуальных запытаў публікі.
Я не веру ў такія выпадкі, калі быў напісаны выдатны тэкст, а чытач яго не раскусіў, не заўважыў. Хутчэй гэта праблема выдаўца, які можа не паверыць у тэкст, а ён возьме ды выстраліць у іншым выдавецтве. Такія выпадкі былі, у тым ліку і ў нас.
Існуюць сітуацыі, калі кнігі, на якія мы не рабілі вялікіх ставак, неспадзявана для нас выстрэльвалі і станавіліся бестселерамі. У якасці прыклада магу ўзгадаць кнігу пісьменніка Макара Валынкіна «Апошняе пакаленне», якая ўжо трэці месяц трымаецца ў топе нашых продажаў, і я бачу, што гэта звязана з тым, што аўтар трапіў гэтым тэкстам у сэрца людзей – перадусім, моладзевай аўдыторыі.

Гэта кніга пра тое, што баліць, пра што шмат хто хацеў прачытаць, і аўтар не пабаяўся выказацца на сапраўды злабадзённыя тэмы.
Чаму варта замовіць беларускую кнігу праз Amazon?
1. Вы падтрымліваеце беларускую справу. Кожная купленая кніга — гэта не толькі асалода ад чытання, але і ўнёсак у незалежнае выдавецтва, якое працягвае сваю працу за межамі Беларусі.
2. Працуе ў тых краінах, дзе жыве шмат беларусаў. Кнігу можна замовіць з любой кропкі Еўропы, ЗША ці Канады — без паездак у Варшаву ці неабходнасці прасіць знаёмых.
3. Хуткая і надзейная дастаўка. Amazon дастаўляе кнігі хутка, з адсочваннем пасылкі. У Еўропе гэта звычайна займае некалькі дзён.
4. Простая і зручная аплата. Можна выкарыстоўваць звычайную банкаўскую картку, Apple Pay ці Google Pay — як у любой інтэрнэт-краме.
5. Бяспека і празрыстасць. Amazon гарантуе вяртанне грошай у выпадку праблем. Вашы дадзеныя ў бяспецы, усё працуе празрыста.
Набыць кнігі бяспечна можна на афіцыйнай старонцы выдавецтва на Amazon, калі вы знаходзіцеся за межамі Беларусі.
Партнёрскі матэрыял
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное