Хто тая беларуска, якую экстрадавалі ў ЗША для суда за кантрабанду дэталяў для самалётаў
«Дзяўчынка з жалезным характарам», — так у сацсетках апісвае сябе 33‑гадовая Яна Лявонава. Грамадзянку Беларусі збіраюцца судзіць у ЗША. Яе абвінавачваюць у абыходзе санкцый і пастаўках авіяцыйных кампанентаў у Расію праз падстаўныя фірмы. Наша Ніва сабрала ўсё, што вядома пра фігурантку гучнай справы.
«Дзяўчынка з жалезным характарам»
33‑гадовая Яна Лявонава родам з Віцебска — там жа жывуць яе сваякі. Але вышэйшую адукацыю дзяўчына атрымала ўжо ў Расіі: у 2016 годзе скончыла Маскоўскі тэхналагічны інстытут.
Пасля ўніверсітэта Яна звязала свой лёс з Казахстанам. Мяркуючы па злітых базах даных, яна ўладкавалася ў буйную казахстанскую авіякампанію SCAT. Дзяўчына пераехала ў Шымкент, дзе базаваўся авіяперавозчык, і атрымала там від на жыхарства, сапраўдны да 2027 года.
У сацсетках яна апісвае сябе так: «Дзяўчынка з жалезным характарам. Свет вачыма лагіста. Па той бок авіяцыі».
Санкцыйныя схемы
Пасля, у 2021 годзе, яна перайшла на працу лагістам-тэхнікам у маскоўскай кампаніі «Паўночны Захад Тэхнікс» (North-West Technics). Дзяўчына мела карпаратыўную пошту на дамене гэтай фірмы. Кампанія «Паўночна-захадныя авіялініі» і яе дачынныя прадпрыемствы трапілі пад амерыканскія санкцыі ў снежні 2023 года — акурат за незаконную закупку абсталявання для расійскай авіяцыі пасля пачатку вайны.
Даныя авіяпералётаў сведчаць, што з пачатку вайны дзяўчына чатыры разы лятала з Расіі ў ААЭ (Дубай), тры разы ў Турцыю (Стамбул) і чатыры разы ў Арменію (Ерэван). Гэта супадае з маршрутамі «шэрага імпарту», якія часта выкарыстоўваюцца для абыходу санкцый і фігуруюць у абвінавачанні.
Па версіі амерыканскага следства, Лявонава адыгрывала важную ролю ў арганізацыі ценявых паставак. Яна займалася афармленнем грузаў, якія ішлі ў Расію транзітам праз трэція краіны — Арменію, ААЭ і Мальдывы, — каб схаваць канчатковага атрымальніка ад амерыканскага экспартнага кантролю.
З мая 2022 года яна арганізоўвала схему закупкі і паставак авіядэталяў у Расію праз Арменію, каб абысці санкцыі і прамую забарону на экспарт у РФ. Яна перапісвалася з амерыканскім пастаўшчыком і настойвала, што калі тавар фармальна ідзе ў трэцюю краіну, то гэта нібыта робіць здзелку законнай.
У матэрыялах справы згадваюцца чатыры буйныя замовы, якія яна курыравала: вокны для кабіны пілотаў Airbus на 58,5 тысячы даляраў, метэаралагічны радар Multiscan для Bombardier Global 6000 прыкладна за 295 тысяч, а таксама дзве пастаўкі пар лапатак вентылятара для Airbus A321 коштам 197,5 і 200,5 тысячы даляраў.
Адметна, што пра пастаўкі лапатак вентылятара Лявонава дамовілася ў жніўні 2022 года, а ўжо 1 верасня 2022 выляцела ў Арменію і прабыла там 9 дзён — акурат праз армянскую фірму дэталі закупілі ў абыход санкцыяў. Агулам дзяўчына дапамагла экспартаваць у Расію тавараў на суму больш як 2 мільёны даляраў, кажа следства.
Следства падкрэслівае, што Яна была наёмнай супрацоўніцай і выканаўцам.
Арышт і экстрадыцыя
Яну Лявонаву затрымалі ў Францыі каля года таму па запыце амерыканскіх уладаў. Невядома, на якую кампанію яна тады працавала, але падобна, што з «Паўночны Захад Тэхнікс» яна на той момант звольнілася (сляды яе працы ў кампаніі губляюцца ў сярэдзіне 2023-га).
Дзяўчына не анлайн у сацсетках, у тэлеграме ў апошні раз была анлайн «вельмі даўно», а ва «Укантакце» — з самага канца кастрычніка 2025. Імаверна, у французскай турме ў яе быў доступ да інтэрнэта.
У лістападзе 2025 года дзяўчыну экстрадавалі ў Злучаныя Штаты. Федэральная пракуратура інкрымінуе ёй змову з мэтай парушэння законаў аб экспарце, кантрабанду і адмыванне грошай.
Цяпер Лявонавай пагражае сур'ёзны турэмны тэрмін у ЗША. Следства лічыць, што яе дзейнасць наўпрост спрыяла падтрыманню баяздольнасці расійскага авіяпарку ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі.
Праўда, ёсць нюанс — аддзел міграцыі ЗША хоча дэпартаваць яе да суда, бо яна ў краіне нелегальна.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное