Общество

«Вы тая самая беларуска ў Адэсе?»

Гамяльчанка, якая жыве ва Украіне, распавяла Нашай Ніве пра адаптацыю да абстрэлаў, украінскую мову і свой блог.

Ірына з’ехала з Беларусі ў 2021 годзе — за некалькі месяцаў да пачатку поўнамаштабнай вайны. Дзяўчына перабралася ва Украіну да хлопца — выйшла за яго замуж і паехала адпачываць у Егіпет.

23 лютага 2022 года, за дзень да поўнамаштабнай вайны, пара вярнулася ў Харкаў. А зараз гамяльчанка вядзе блог Беларуска ў Адэсе на 25 тысяч падпісчыкаў.

Ірына Пасякова. Фота: асабісты архіў гераіні

За тры гады ва Украіне Ірына навучылася свабодна размаўляць па-ўкраінску. Прызнаецца, што, хоць і добра ведала беларускую мову ў школе, здавала яе на ЦТ, цяпер часта блытае родныя словы з украінскімі. Свой блог «Беларуска ў Адэсе» ў тыктоку 26-гадовая дзяўчына вядзе па-руску.

«У сацыяльных сетках трэба праяўляцца так, каб цябе бачылі сапраўдным. Напрыклад, я не магу жартаваць па-беларуску. Я не ведаю нейкіх зваротаў, лаянкі», — тлумачыць блогерка.

Нарадзілася Ірына ў Гомельскай вобласці, у горадзе Петрыкаў, што за 40 кіламетраў ад мяжы з Украінай. Рэгулярная тэма яе ролікаў цяпер — як звычайнае жыццё ў Беларусі адрозніваецца ад украінскага: пра розніцу школьнага выхавання, ідэалагізацыю ў адукацыі, побытавыя і моўныя моманты.

Кажа, што калі пачала весці блог, яе сталі пазнаваць на вуліцах Адэсы. Пыталіся: «Вы тая самая беларуска ў Адэсе?». Гэтая фраза прывязалася, і Ірына вырашыла яе захаваць — цяпер яна заўсёды бачная ў апісанні профілю.

Да свайго будучага мужа, з якім беларуска пазнаёмілася ў камп'ютарнай гульні Dota 2, яна пераехала ў кастрычніку 2021 года. У Беларусі апошнім часам Ірына жыла ў Гродне, дзе вучылася ва ўніверсітэце, працавала вакалісткай і майстрыхай па бровах. Многіх яе сяброў затрымлівалі за пратэсты 2020 года, і гамяльчанка баялася, што гэта можа закрануць і яе.

«Ты ў інтэрнэце і не разумееш, хто гэта піша — боты ці сапраўдныя людзі»

Узімку 2022 года сямейная пара адпачывала ў Егіпце, адкуль вярнулася 23 лютага — за дзень да пачатку поўнамаштабнай вайны. У ноч на 24 лютага ў харкаўскай кватэры маладзёнаў былі перабоі са святлом, а раніцай іх разбудзілі шматлікія званкі ад родных.

Ірына з мужам хацелі ў выпадку экстраннай сітуацыі перачакаць небяспеку ў Турцыі, куды ўжо былі набытыя квіткі, але ўсе аэрапорты закрыліся. Пара шмат часу правяла ў дарозе, але выехаць праз Львоў не змагла.

«Тады ўсё адбылося за лічаныя гадзіны. Закрылі межы. Былі вялізныя заторы на дарогах. Ехалі паралельна танкі і цывільныя. І ўсё гэта было ў адной плыні. Дагэтуль памятаю вочы таго маладога вайсцоўца, які ехаў на танку. Не ведаю, жывы ён ці не. Але было жахліва», — згадвае яна.

Ірына ў горадзе Хмяльніцкі напрыканцы лютага 2022 года. Фота: асабісты архіў гераіні

Шакавалі Ірыну навіны пра тое, што ракеты на Украіну ляцелі ў тым ліку з яе роднай Беларусі. Частка сваякоў казала, што ва Украіне насамрэч усё нармальна, не верылі аповедам пра вайну.

З акаўнта знаёмага міліцыянера ёй пісалі пагрозы — казалі, што «зараз прыедуць, заб’юць яе мужа і яе», і патрабавалі сказаць, дзе яны знаходзяцца.

«У мяне былі заскокі, пісала Беларусь з маленькай літары. Пазней я гэта пераасэнсавала, супакоілася. Змяніла сваё меркаванне. Не бывае дрэнных нацый, бываюць дрэнныя людзі», — распавядае дзяўчына.

У Харкаве да пачатку поўнамаштабнай вайны. Фота: асабісты архіў гераіні

У рэальным жыцці яна ніколі не сутыкалася з негатыўнымі выказваннямі ўкраінцаў наконт таго, што яна беларуска. Кажа, што такое чытала толькі ў інтэрнэт-каментарыях.

«Гэта інфармацыйная вайна, якая пачалася ў сацсетках, мяне зусім забіла. Я проста правалілася ў такую дэпрэсію, што з яе потым вельмі доўга выбіралася. І дагэтуль далечваюся. Ты ў інтэрнэце і не разумееш, хто гэта піша — боты ці сапраўдныя людзі».

З неразуменнем праз нацыянальнасць яна сутыкнулася толькі ў міграцыйным аддзяленні ў Кіеве, дзе пара хацела жыць пасля Харкава. Ужо падчас вайны дзяўчыне трэба было аформіць дакументы, але ў сталіцы ёй сказалі, што для беларусаў гэта цяпер немагчыма. У чатах Ірына прачытала, што дакументы прасцей афармляюць у Адэсе. Так сям’я і пачала жыць каля мора.

«Сёння жывы — значыць, добра»

Партовы горад нярэдка абстрэльваецца расійскай арміяй. Ірына кажа, што з часам яна, як і самі адэсіты, навучылася рэагаваць на атакі больш спакойна.

Змяніўся і горад — з Адэсы прыбралі большасць блокпастоў, якія ў пачатку вайны шчыльна расстаўлялі па ўсёй тэрыторыі, пабудавалі шмат бамбасховішчаў каля мора.

«Калі трывога, і мы чуем, што ляціць балістыка, можам кудысьці схавацца, зайсці ва ўстанову. Ужо ніхто нічога не пытаецца, усе па вачах адно аднаго разумеюць. Часам нікуды не заходзіш, таму што ўжо прыблізна разумееш, што, куды і калі ляціць».

Пастаянна працуе група ў тэлеграме, дзе паведамляюць пра ўсе атакі па горадзе з дакладнасцю да хвіліны, распавядае Ірына. Хаваюцца людзі цяпер толькі тады, калі дрон пралятае зусім побач з домам.

Беларуска адчувае, што нават яе цела прывыкла да рэгулярных усплёскаў адрэналіну — калі доўга няма вызначанай небяспекі, гэта падазрона, хочацца зрабіць нешта экстрэмальнае. Напрыклад, скокнуць з парашутам.

«Калі абстрэлаў шмат і іх вялікая канцэнтрацыя, тады страшна, можам адыходзіць дзень. Раней, калі быў абстрэл, ты адыходзіў месяц — проста месяц не мог прыйсці ў сябе. А цяпер гадзіна-дзве — і ўсё. Напрыклад, я шыю, нешта бахнула побач, а я ўжо зноў захапілася сваёй працай».

Ірына згадвае выпадак, калі снарад трапіў у гатэль «Брысталь», дзе звычайна спыняліся замежныя дыпламаты. Беларуска ў той момант была за 300 метраў ад прылёту.

«Як ні жахліва, стала прасцей ставіцца да смерці. У мужа дзядзька загінуў на фронце, знаёмыя шмат чаго перажылі, блізкія ваююць. Ёсць такі жарт: сёння жывы — значыць, добра. Добра, што не ў мяне трапіла».

«Дагэтуль бацькі тэлефануюць і расказваюць, што пасадзілі хлопца з нашай вуліцы, нешта ў яго знайшлі»

«Частку сваякоў я адсеяла, таму што яны і раней былі з прыбабахам, проста я гэтага не заўважала. Калі пачалася вайна, усё стала на свае месцы. А з тымі, хто на маім баку, вядома, стасуюся.

Апошнім часам крыху менш: мы сазвоньваемся, а яны кажуць, што не будуць глядзець нейкае відэа, бо людзей садзяць. Дагэтуль бацькі тэлефануюць і расказваюць, што пасадзілі хлопца з нашай вуліцы, нешта ў яго знайшлі», — кажа дзяўчына.

Адзін блізкі сваяк Ірыны з Беларусі падтрымлівае Расію. Яны нават мелі агульныя размовы па тэлефоне са сваякамі мужа — яго мама-ўкраінка спецыяльна казала «Слава Украіне», каб той пачуў.

Зараз Ірына пачынае сваю справу — брэнд адзення. Але пакуль чакае пастаяннага дазволу на жыхарства, каб можна было паўнавартасна запусціць бізнэс. Кажа, што спачатку знайсці працу ва Украіне было складана — яе досвед не зусім пасаваў, а беларускія дыпломы мясцовыя працадаўцы не прымалі.

Дзяўчына падпрацоўвала стварэннем кантэнту — здымала фота, займалася СММ. Разам з сяброўкай-украінкай яны зладзілі праект на беразе Чорнага мора — «Люстэркі».

«Гэта мела вялікую папулярнасць. Людзі бачылі, што я беларуска, і ўсё роўна пісалі: «Дзякуй, што вы гэта прыдумалі, зрабілі». Дабрыня і здаровы сэнс ёсць у людзях, нават падчас вайны».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(2)