Ва Украіне зарэгістраванае грамадскае аб’яднанне «Беларуская грамада Украіны»

Ва Украіне створанае і зарэгістраванае грамадскае аб’яднанне «Беларуская грамада Украіны».

Аб'яднанне стварылі беларускія грамадскія арганізацыі, які працуюць ва Украіне, распавёў «Салідарнасці» Аляксей Францкевіч, які ўзначаліў грамаду.

Паводле апошняга перапісу насельніцтва, беларусы — другая па колькасці нацменшасць ва Украіне, а таксама другая нацыя ў свеце па колькасці пасля ўкраінцаў, якія ваююць ва Узброеных сілах Украіны.

— Пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ўсе арганізацыі, якія аб’ядноўвалі беларусаў, спынілі сваю працу. Людзі не хацелі, каб іх ідэнтыфікавалі як беларусаў, бо з нашай краіны ляцелі ракеты ў першыя дні вайны, — распавядае Аляксей Францкевіч.

— Найбольшую адвакацыю беларусаў як нацыі ва Украіне адыгралі сучасныя беларускія нацыяльныя героі, якія загінулі ў барацьбе супраць расійскай агрэсіі, а таксама добраахвотнікі, якія працягваюць гэтую барацьбу. І сёння нам важна аб’ядноўвацца, каб захаваць сябе як нацыю, і мяняць стаўленне ўкраінскага грамадства да беларусаў. Мы хочам, каб нас адрознівалі ад лукашыстаў, у краіне, дзе кожны дзень гінуць людзі.

Асноўнымі статутнымі мэтамі «Беларускай грамады Украіны» з’яўляюцца абарона правоў сябраў аб’яднання, наданне дапамогі, сацыяльная і юрыдычная абарона беларусаў, якія пражываюць на тэрыторыі Украіны, усталяванне і развіццё сувязяў з беларусамі і беларускімі грамадамі па-за межамі Украіны, а таксама спрыянне захаванню нацыянальнай, моўнай, рэлігійнай самабытнасці беларускай грамады ва Украіне.

Юрыдычны адрас Беларускай грамады Украіны — у Доме вольнай Беларусі ў Львове.

Ужо зараз прадстаўнікі «Беларускай грамады ва Украіне» бяруць удзел у Працоўнай групе распрацоўкі нацыянальнай стратэгіі захавання моваў, якім пагражае знікненне, ва Украіне, арганізуюць круглыя сталы для абмеркавання супрацоўніцтва беларусаў, якія жывуць ва Украіне, і ўкраінскіх уладаў ды грамадства, ладзяць імпрэзы, падчас якіх распавядаюць украінцам пра барацьбу беларусаў за сваю свабоду і нацыянальную ідэнтычнасць.

Праца над стварэннем аб’яднання пачалася летась, прадстаўнікоў грамады запрашалі ў Офіс прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў снежні.

Падчас сустрэчы былі падпісаныя дакументы аб стварэнні дзяржаўнага свята — Дня міжнацыянальнай згоды і культурнай разнастайнасці. Гэты дзень будзе адзначацца 24 траўня — у Кіеве пройдзе фестываль нацыянальных суполак Украіны «UNIDAY», на яго запрошаныя беларусы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(11)