Гаворка не толькі пра выклік рэжыму Лукашэнкі — за яго я не турбуюся, мяркую, яны мусяць заплаціць за свае злачынствы. Але і пра тое, што <ягоныя дзеянні> негатыўна адлюстроўваюцца на становішчы беларусаў у Літве. Гэта непазбежна, нягледзячы на беларускія дэмакратычныя сілы, на тое, што літоўцы і літоўскі ўрад, мабыць, як ніхто іншы разбіраюцца ў беларускім пытанні, адрозніваюць на афіцыйным узроўні беларусаў і рэжым.
Турарбекова: «Гаворка не толькі пра выклік рэжыму Лукашэнкі»
Як дзеянні рэжыму Лукашэнкі адбіваюцца на становішчы беларусаў за мяжой. І ці далучыцца Польшча да пазову ў Міжнародны суд ААН за арганізацыю міграцыйнага крызісу.
Урад Літвы падаў у Міжнародны суд ААН пазоў супраць рэжыму Лукашэнкі за арганізацыю міграцыйнага крызісу і патрабуе спагнаць 200 мільёнаў еўра. Па звестках літоўскіх памежнікаў, агулам з 2021 года краіна не ўпусціла больш за 23,6 тысяч нелегальных мігрантаў, якія спрабавалі трапіць у ЕС з беларускай тэрыторыі.
— Па-першае, для мяне відавочна, што Літва спрабуе звяртаць увагу на Беларусь і на тое, што робіць рэжым Лукашэнкі, — разважае ў эфіры Еўрарадыё пра перспектывы гэтай пазовы экспертка ў галіне міжнародных адносін Роза Турарбекава.
Насамрэч для Літвы гэта пытанне сур’ёзнае, таму што пагрозы з тэрыторыі Беларусі вельмі хвалююць улады і грамадства краіны. І таму яны з вялікай засцярогай ставяцца і да Беларусі, і да беларусаў — маю на ўвазе вынікі сацапытання наконт стаўлення да беларусаў, украінцаў і іншых мігрантаў, якія цяпер пражываюць у Літве. Па выніках відавочна, што да беларусаў расце, так бы мовіць, не вельмі добрае стаўленне.
Хоць занадта моцна перажываць з гэтай нагоды таксама не варта, на маю думку. Не такі там высокі працэнт негатыву, як, прыкладам, у дачыненні рускіх (паводле апытання, 42% літоўцаў не хацелі б жыць побач з расіянамі, 23 — не хочуць быць суседзямі беларусаў — С.).
Што да судовай пазовы, працягвае Роза Турарбекава, — Літва як дзяржава, як частка ЕС, «мае поўнае права ставіць такім чынам пытанне» і звярнуць увагу на праблему.
— У святле зменлівай палітыкі ЗША датычна Расіі, вельмі многія рэчы і акцэнты змяшчаюцца, паўстае пытанне аб паўночнаатлантычнай бяспецы, — дадае экспертка. — І для Літвы гэта надзвычай сур’ёзна.
Пра такое стаўленне сведчыць і нядаўняе афіцыйнае прадстаўленне нямецкай брыгады, што размясцілася ў Літве. Усё гэта я разглядала б у комплексе праблемы сек’юрытызацыі. Прычым праблемы глыбокай, сур’ёзнай. Не варта ставіцца да перасцярог літоўскай дзяржавы легкадумна, як да нечага наноснага.
Ці падтрымаюць іншыя краіны гэты зварот у Гаагу, як тое прапанавала Літва? Прынамсі Польшча пакуль не дала адказу. На думку Розы Турарбекавай, рэч у тым, што польскія ўлады маюць сваю павестку датычна Беларусі, да таго ж «для Польшчы пытанне сек’юрытызацыі менавіта з боку беларускага рэжыму не стаіць так востра»:
— Для іх хутчэй вораг нумар адзін — гэта Расія. Таму пазіцыі блізкія, але акцэнты розныя.
Літоўская дзяржава вельмі прынцыповая па гэтых пытаннях, у той час як для Польшчы, вялікай краінай, з вялікай арміяй, Беларусь не з’яўляецца такой значнай пагрозай. Хутчэй, яны разглядаюць Беларусь як магчыма плацдарм расійскага ўварвання.
Аднак, дадам, гэта маё спекулятыўнае меркаванне. Таму што насамрэч, вядома, са мной польскія ўлады не раяцца і не распавядаюць, чаму вырашылі не далучацца да пазову Літвы.
Читайте еще
Избранное