Экономика

Стала вядома, на чым пагарэў геній фінансаў Павел Калаўр

Прызначаючы ў старшыні Нацбанка Рамана Галоўчанку, Лукашэнка ні словам не заікнуўся пра Паўла Калаўра. Не сказаў яму дзякуй, не перавёў на іншую работу, а ўвогуле — быццам бы і не было чалавека, дзякуючы якому беларусы на дзесяцігоддзе забылі слова «дэвальвацыя». Нашай Ніве стала вядома, на чым пракалоўся геніяльны банкір.

Павел Калаўр

Як звальняліся папярэднія кіраўнікі Нацбанка? Пятро Пракаповіч атрымаў адстаўку праз стан здароўя, а калі падлячыўся, вярнуўся памочнікам Лукашэнкі. Надзею Ермакову — як і Калаўра — таксама знялі пад «новы» ўрад, але з наступным пераводам на іншую работу, у кіраўніцтва Банка БелВЭБ.

З Калаўрам усё не так. Прызначэнне Рамана Галоўчанкі ў Нацбанк суправаджалася словамі падзякі не Калаўру, а Галоўчанку — «за тое, што пагадзіўся». І выказаным спадзевам, што Галоўчанка з Турчынам «нарэшце паставяць з ног на галаву некаторыя пытанні ў нашай эканоміцы, якія датычаць яе фінансавання».

Гэта быў камень наўпрост у агарод Калаўра — фінансаваннем эканомікі займаюцца банкі.

У публічнай прасторы пачаліся спекуляцыі на тэму таго, што строгія погляды Калаўра на манетарную палітыку і сталі прычынай адстаўкі, што ад яго патрабавалі ўключаць станок, а ён адмаўляўся…

Пасля таго, як прайшло трохі часу і сітуацыя праяснілася, «Наша Ніва» навяла даведкі пра прычыны халоднага стаўлення Лукашэнкі да Калаўра.

Апытаныя прадстаўнікі банкаўскага сектара сыходзяцца ў меркаванні, што напрыканцы сваёй кар'еры Калаўр трапіў у гісторыю, якая перакрэсліла дасягненні ранейшых гадоў, і якую яму не змаглі дараваць іншыя эканамісты, якія цяпер на першых ролях: Дзмітрый Круты, Раман Галоўчанка, Мікалай Снапкоў, Аляксандр Турчын.

Раней «Наша Ніва» ў агульных рысах ужо апісвала ненатуральную сітуацыю, якая выпадкова склалася ў беларускім банкаўскім сектары: паразітычная беларуская эканоміка па сутнасці стала асноўным крэдыторам свайго галоўнага донара — Расіі, — праз розніцу ў банкаўскіх стаўках. Гэта гісторыя літаральна апошняга года.

У Расіі банкаўскія стаўкі галапавалі, у той час як у Беларусі трымаліся стабільнымі. Але і попыт на грошы ў Беларусі быў ніжэйшым. Прыватныя банкі злавілі ўдачу за хвост і пачалі крэдытаваць нерэзідэнтаў. Расійскія кампаніі бралі ў беларускіх банках валютныя крэдыты пад гарантыі матчыных кампаній некаторых беларускіх банкаў. «Сбербанк» увогуле не саромеўся размяшчаць у Расіі адкрытую рэкламу, што расійскія прадпрыемствы могуць выгадна крэдытавацца ў Беларусі.

Па словах нашых суразмоўцаў, на пачатак 2025 года сітуацыя была ўжо такой, што «ў беларускай банкаўскай сістэме засталося пару мільярдаў ліквіднасці, што па сутнасці нішто».

«Як у любой сітуацыі, ёсць лузеры, ёсць бенефіцыяры. Тут бенефецыяры — прыватныя беларускія банкі і расійскі бізнэс. Першыя ставяць рэкорды прыбытковасці, другія танна пракрэдытаваліся.

Лузеры — беларускі бізнес. Як прыватны, так і дзяржаўны сектар, для якіх грошы сталі дарагімі. Калі першы адказвае толькі перад сабой, то за другі перад Лукашэнкам адказвае Савет міністраў. Калі ў дзяржсектары няма росту, калі адстаем ад плана, Лукашэнка пытае з Галоўчанкі і Снапкова.

Яны ківаюць на тое, што вінаваты Нацбанк — ён дапусціў вымыванне ліквіднасці з краіны і рост ставак фактычна на пустым месцы. Гэта ягоны ўчастак фронту, гэта не мы правалілі, а ён. Ну што гэта такое? Стаўкі ў рублях за год выраслі на 90% — раней можна было крэдытавацца пад 11-12%, цяпер 18-19-20%. Стаўкі ў далярах — на 40%. Як у такіх умовах выконваць дзяржаўныя праграмы?

Калі Галоўчанка са Снапковым кажуць, што вінаватыя не яны, то тут абсалютна лагічна кагосьці з іх і адправіць на месца Калаўра, каб паказалі, як трэба, і выправілі сітуацыю. І перад імі сапраўды стаіць неардынарная задача», — лічыць адзін з нашых суразмоўцаў, які 20 год працуе ў сферы дзяржаўных фінансаў.

Ягоны калега з прыватнага банка з думкай згодны.

«Прыватныя банкі вымывалі не толькі сваю ліквіднасць, але і ліквіднасць дзяржаўных банкаў, якія пра крэдытаванне нерэзідэнтаў, канечне ж, не задумваліся. Таму што банкаўская сістэма — гэта злучаны сасуд. Ёсць міжбанкаўскі рынак, на якім можна купляць грошы. Прыватны банк размяшчае заяўку з прыемным працэнтам — дзяржаўныя банкі даюць яму грошы, той іх аддае рускім, зарабляе на дэльце. Тут вельмі простая матэматыка.

І вельмі лагічныя паводзіны банкаў, іх няма за што вінаваціць — БПС-Сбербанк і Альфа-Банк займаюцца сваёй статутнай дзейнасцю, зарабляюць на магчымасці. Яны не павінны думаць пра выкананне дзяржаўных праграм. Пра гэта павінны думаць чыноўнікі. Але тут іншае пытанне, а што рэальна мог зрабіць Калаўр?

Па-першае, для Беларусі крэдытаванне нерэзідэнтаў —гэта настолькі рэдкая гісторыя, што я абсалютна ўпэўнены, што Нацбанк нейкі час проста не быў у курсе, а меў уяўленне толькі на ўзроўні чутак, што грошы насамрэч не застаюцца ў Беларусі, а сыходзяць у Расію. Калі апомніліся, было ўжо позна.

Па-другое, у рэгулятара насамрэч не вельмі шмат інструментаў, каб гэтую гісторыю аператыўна спыніць. Калаўр мог рассылаць лісты з пагрозамі, што мы тут вам (кіраўнікам банкаў — НН) наступны раз кваліфікацыю не пацвердзім, кідайце дурное, але гэта ўсур'ёз успрыняць не паспелі.

Калі працэс ужо пачаўся, то ён адбываецца вельмі хутка.

Такая вялікая, адносна нашай, расійская эканоміка магла б высмактаць грошы з нашай сістэмы і за тыдзень, калі б была тэхнічная магчымасць. І выпраўляць гэтую сітуацыю ў працэсе ўжо было позна, яе трэба было проста не дапускаць, прадбачыць, задзіраць патрабаванне да рэзерваў пры крэдытаванні нерэзідэнтаў раней, чым яно пачалося. З гэтым Калаўр і ягоная каманда не справіліся.

Я думаю, яго і знялі як чалавека, «які не справіўся» у цяжкі для беларускай эканомікі момант. І знялі без падзяк і сантыментаў за папярэднія гады стабільнай працы», — дадаў іншы суразмоўца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)