Общество

Што вядома пра былога каліноўца Васіля Грачыху, які трапіў у рукі беларускага КДБ?

Беларуская прапаганда паказала арыштаванага 39-гадовага Васіля Грачыху. Наша Ніва сабрала базавую інфармацыю пра мужчыну.

Васіль Грачыха. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Васілю Грачыху 39 гадоў. Паводле інфармацыі з сацыяльных сетак, ён скончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію (БГСХА), дзе навучаўся на землеўпарадкавальным факультэце. Яго спецыяльнасць — кадастр і зямельнае права.

Праходзіў службу ў 38-й Асобнай мотаабароннай брыгадзе Беларусі — вайсковай часці дэсантнікаў у Брэсце, якую ў свой час узначальваў Валерый Сахашчык. На фота з сацсетак відаць, што ў кватэры Грачыхі вісеў вымпел брыгады.

Васіль Грачыха. Вымпел часці злева зверху ад яго. Фота з ягонай старонкі Укантакце

У сацсетках у хлопца нічога незвычайнага — мемы, аўтамабілі, гульні і асабістыя фота.

Паводле інфармацыі прэс-службы Палка Каліноўскага, Васіль далучыўся да іх у маі 2022 года, але пакінуў падраздзяленне ўжо ў чэрвені таго ж года па ўласным жаданні. Каліноўцы, да якіх звярталася «Наша Ніва», яго не запомнілі. У сюжэце БТ яго пры гэтым прадстаўляюць мегаваяром, а факт ягонага затрымання — велізарным поспехам.

У адным з новых акаўнтаў Грачыхі ў сацсетках месцам яго пражывання пазначаная Варшава. Таксама ён выкладаў фота з розных іншых еўрапейскіх краін.

Васіль Грачыха ў Парыжы. Фота з ягонай старонкі Укантакце

Апошні раз Васіль быў анлайн ва «Укантакце» напрыканцы студзеня 2025 года.

Дата яго арышту невядомая — у тэлесюжэце могуць быць як актуальныя кадры, так і пазнейшая пастаноўка для прапаганды. Таксама незразумела, у якой краіне быў затрыманы Грачыха — альбо сам вярнуўся ў Беларусь.