Шрайбман: «Сумняюся, што нешта можа пераканаць Лукашэнку вярнуцца да сітуацыі да 2020 года»

Палітычны аналітык разважае, ці можа легітымацыя Лукашэнкі з боку Еўропы паўплываць на вызваленне ўсіх палітвязняў і перспектыву адлігі ў Беларусі.

— Я не лічу, што гэта вельмі верагодна з боку Еўрасаюза. Мы бачым, што ў ім вельмі мала краін, гатовых уключацца ў такі ж палітычны тэатр, у якім жыве Дональд Трамп, і прапаноўваць сімвалічныя пахлопванні па плячы для Лукашэнкі і іншых аўтакратаў, каб неяк іх залагодзіць, — кажа Арцём Шрайбман у эфіры Еўрарадыё.

Арцём Шрайбман

Гэтая палітыка ўласціва Трампу, магчыма, аднаму-тром еўрапейскім палітыкам, але гэта не агульнаеўрапейская пазіцыя. І не думаю, што ў бліжэйшым часе гэта зменіцца.

Не прадбачу ў бліжэйшы час іншых форм прызнання (рэжыму Лукашэнкі — С.), напрыклад, каб адправіць амбасадараў у Мінск ці правесці сустрэчу на вышэйшым узроўні. Але, калі б гэта адбылося, для Лукашэнкі гэта было б даволі моцным аргументам на карысць вызвалення ўсіх палітвязняў.

Мы бачым, што ён абмяркоўвае з ЗША ўсіх палітвязняў нават без уключэння ЕС. Калі б уключыліся еўрапейцы, гэта б азначала канец ізаляцыі пасля 2020 года: старонка перагорнутая (прынамсі, у сэнсе ізаляцыі). На вызваленне палітвязняў гэта магло б паўплываць, але на татальную адлігу, вяртанне да тых узроўняў рэпрэсіўнасці, якія мы бачылі да 2020 года, — вельмі сумняюся. Увогуле сумняюся, што ёсць штосьці, што можа пераканаць Лукашэнку вярнуцца да сітуацыі да 2020 года.

Пры гэтым аналітык не лічыць, што гэта аргумент супраць усялякіх кантактаў Еўрасаюза з рэжымам і супраць хаця б таго, каб выцягнуць людзей.

— Калі нехта думае, што можна дыпламатыяй дамагчыся вяртання ў Беларусь таго, каго беларускія ўлады лічаць сваімі дыстанцыйнымі ворагамі, гэта наіўны падыход. Думаю, што гэтага варта патрабаваць, калі вы еўрапейскі палітык і працуеце з Мінскам, але з пазіцыі: патрабуючы большага, мы хаця б дасягнем меншага.

То бок, калі патрабаваць толькі як амерыканцы — вызвалення палітвязняў і ўсё — тады нявырашанымі застаюцца пытанні дэпартацыі, немагчымасці вяртання ў краіну, адсутнасці пашпартоў, працягу арыштаў і рэпрэсій. Таму я лічу, што ў амерыканскага падыходу вельмі шмат хібаў. Менавіта таму мы прапануем еўрапейцам удакладніць падыход і быць больш комплекснымі ў сваіх патрабаваннях да ўлады.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(87)