Женщины

Марына Міхайлава

Пра пакручасты лёс і спадчыну кампазітаркі Эдзі Тырманд

«Салідарнасць» нагадвае, як варшаўская эмігрантка стала ля вытокаў беларускай прафесійнай музыкі.

23 лютага – 108-ая гадавіна з дня нараджэння кампазітаркі, піяністкі, канцэртмайстра і педагога Эдзі Тырманд. І вось чаму яе імя варта ведаць.

Эдзі (Эту) Майсееўну Тырманд нярэдка называюць першай, альбо прынамсі адной з першых, жанчын-кампазітарак у Беларусі. І гэта, бадай, самае слушнае азначэнне, бо з роўным поспехам яе можна было б лічыць і беларускай, і яўрэйскай, і нават польскай музыканткай.

Пешшу праз мяжу

Нарадзілася яна ў Варшаве, і ўжо з ранняга дзяцінства выяўляла музычны талент. Ды яно і не дзіва — бацька і дзядзька яе спявалі ў яўрэйскім хору пры сінагозе, а сама дзяўчынка брала ўрокі ў суседкі-піяністкі. Ужо ў  дванаццаць год яна паступіла на фартэпіяннае аддзяленне Варшаўскай кансерваторыі — нароўні з дарослымі.

А праз некалькі год зразумела, што ёй гэтага мала, і паступіла яшчэ на харавое аддзяленне, да беларуска-польскага кампазітара і дырыжора Станіслава Казуры, вядомага сваімі апрацоўкамі беларускіх народных песень.

Паралельна з вучобай Эдзі працавала — яна была канцэртмайстарках у прыватных харэаграфічных студыях. Вельмі часта на гэтых занятках ёй даводзілася імправізаваць — і гэтае ўменне спатрэбілася ў будучыні.

Але скончыць вучобу ў Польшчы дзяўчыне не ўдалося — пачалася Другая сусветная вайна, і вяртацца з летніх канікул студэнтам Варшаўскай кансерваторыі ўжо не было куды, горад бамбілі…

Маладыя людзі рушылі на ўсход. Сярод тых, хто пешшу перайшоў мяжу і папрасіў прытулку ў СССР, былі Эдзі Тырманд і два юнакі, якія пазней таксама сталі вядомымі кампазітарамі: Генрых Вагнер і Леў Абеліёвіч.

Джаз у чатыры рукі

У канцы 1939 года Эдзі стала студэнткай Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. «Я адчувала вялікую ўдзячнасць да краіны, што ўпусцілі нас, — прыгадвала кампазітарка праз шмат гадоў у інтэрв’ю. — Адразу далі інтэрнат і стыпендыю — і хоць жылі па 30 чалавек, мне падавалася нармальным. Але ж як гарадская дзяўчынка, нічога не ўмела для сябе рабіць, суседкі вучылі мяне, як мыць, як прасаваць бялізну».

А яшчэ разам са старшакурснікам Майсеем Вайнбергам яны падпрацоўвалі на Беларускім радыё — гралі ў чатыры рукі джаз — на слых выконвалі папуры з песень да амерыканскіх фільмаў. Так, у 1940 годзе, песні з амерыканскага кіно, на беларускім радыё.

Але вучобу зноў перапыніла вайна, якая імкліва дайшла да Мінска. Тырманд, як і многіх студэнтаў, эвакуявалі ў Фрунзе (цяпер Бішкек). Там яна хапалася за любую працу: была канцэртмайстрам у Кіргізскім тэатры оперы і балета, выкладала ў мясцовай музычнай вучэльні, кіравала самадзейным экстрадным аркестрам, які быў створаны на адным з прадпрыемстваў горада, а таксама выступала з іншымі музыкантамі ў шпіталях, злідзіла хор у дзіцячым доме, акампаніравала на занятках балетнага гуртка.

Час ад часу пісала нешта сваё, новае для калектываў, якімі кіравала — а па вяртанні ў Мінск у 1948 годзе вырашыла вучыцца кампазіцыі ўжо сур’ёзна.

След Халакоста

Чаму, уласна, у Мінск, а не ў Варшаву? Мабыць, таму, што ведала: у Польшчы яе нічога і ніхто не чакаў. Перавезці бацькоў да сябе ў пачатку 1940-х яна не змагла, толькі перапісвалася з сям’ёй — а потым стала позна. Усе сваякі Эдзі Тырманд, у тым ліку бацька, мама і сястра, загінулі ў Варшаўскім гета.

Адзіным блізкім яе чалавекам стаў Ізраэль Турш — выбітны альтыст,  які да вайны працаваў у аркестры Польскага радыё. Усю ягоную сям’ю забілі ў Лодзі, а ён не дараваў сам сабе гібель дзяцей — і таму ў іх з Тырманд дзяцей не было, але іх знітаваў агульны боль і страта родных.

Для яе «дзецьмі» сталі вучні. Скончыўшы ў 1949 годзе фартэпіяннае аддзяленне Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, а яшчэ праз тры гады — кампазітарскае, яна фактычна адразу стала вучыць фартэпіяна новых студэнтаў і ўзначаліла толькі створаную кафедру канцэртмайстарскага майстэрства. Уласна, менавіта яе музыказнаўцы лічаць стваральніцай беларускай канцэртмайстарскай школы — асабіста Тырманд падрыхтавала некалькі пакаленняў прафесіяналаў.

Акрамя таго, шмат год яна выкладала ў спецыяльнай музычнай школе-дзесяцігодцы. І менавіта для юных піяністаў, якім яшчэ цяжка было спраўляцца з «дарослымі» творамі, напісала некалькі дзіцячых сют з паступовым ускладненнем — гэткі шлях ад школы да вялікай сцэны.

Музыка без межаў

У 1954 годзе Эдзі Тырманд стала першай жанчынай, прынятай у Саюз кампазітараў БССР, фактычна прабіўшы дарогу наступніцам — бо кампазітарства лічылася «нежаночай сферай», а да дзяўчат-студэнтак гэтага аддзялення некаторыя выкладчыкі ставіліся паблажліва.

У наступныя дзесяцігоддзі з-пад яе рукі выйшла мноства твораў: канцэртаў, санат, вакальных цыклаў, п’ес для фартэпіяна, скрыпкі, віяланчэлі, цымбал, хору. У яе музыцы знайшлося месца для розных матываў і культур: беларускай, польскай, яўрэйскай, заходнееўрапейскай.

На знак падзякі да Савецкага Саюза, што прытуліў яе, у маладыя гады Тырманд напісала нават кантату пра Сталіна — але потым знішчыла яе, аб чым пад канец жыцця шкадавала. Ёсць у яе і «Піянерская сюіта», і кантаты «Да камунізма партыя вядзе» ды «Я Леніна пяю» — як неад’емная частка эпохі.

Але таксама ёсць вакальныя цыклы на вершы Максіма Багдановіча (хор «Зімовы вечар»), Эдзі Агняцвет («Беражыце мір»), Максіма Танка («Зямное прыцягненне», «Мой хлеб надзённы»), ёсць фартэпіянныя варыяцыі, у якіх выразна чуюцца беларускія нацыянальныя матывы.

Яшчэ ў эвакуацыі яна пісала песні для польскага апалчэння і нават уваходзіла ў склад мясцовага Саюза польскіх патрыётаў, а ў пазнейшыя гады, як успамін пра дзяцінства, пра страчаную радзіму, яна піша фантазію «Польскія напевы» для аркестру народных інструментаў.

І, безумоўна, гучалі ў яе вобразы яўрэйскай народнай музыкі — асабліва ў творах, напісаных для фартэпіяна і скрыпкі альбо віяланчэлі.

Вось п’еса Тырманд «Родныя напевы»:

Акрамя таго, Эдзі Тырманд стварала новыя для беларускай музыкі, інтэрнацыянальныя творы — напрыклад, рамансы на вершы Гарсіі Лоркі і Роберта Бёрнса.

Па ўспамінах вуняў, сама Эдзі Майсееўна ўсё жыццё гаварыла з моцным польскім акцэнтам, але выдатна адчувала рускую і беларускую мову. І свае апрацоўкі песень адточвала, пакуль не была задаволеная іх дасканаласцю. Але іншых не крытыкавала так строга.

«Для мяне ўсе аўтары, з якімі сустракаюся ў працы або як слухач — любімыя, — зазначала яна ў адным з інтэрв’ю. — А тыя, што не падабаюцца — я з імі не сустракаюся, у мяне ёсць права выбару».

Хвароба

Апошнія дваццаць пяць год жыцця Эдзі Тырманд пакутвала на хваробу вачэй — катаракту. І калі сёння гэта не гучыць як прысуд, то ў 1980-ыя лазернай карэкцыі зроку яшчэ не было, а стан кампазітаркі імкліва пагаршаўся.

Яна вырашылася на аперацыю ў Маскве, аднак лепей з вачыма не стала, а другая спроба, падобна, толькі прыспешыла хваробу. Неўзабаве яна амаль цалкам страціла зрок. Аднак калегі і былыя вучні не пакінулі яе згасаць у адзіноце (муж кампазітаркі на той час ужо адышоў у нябыт), дапамагалі ў побыце, проста бывалі ў гасцях і складалі кампанію.

Кампазітарка на балконе сваёй мінскай кватэры, 2000 год

Не стала Эдзі Тырманд у 2008 годзе — але напісанае ёй засталося і гучыць да сёння. А ў беларускай Акадэміі музыкі штогод праходзіць конкурс канцэртмайстараў, які носіць яе імя.