Памяці Рамана Цымберава: «Ён быў беларускі самурай, і таму мэта ў яго была: дайсці да Беларусі»
Смерць кнігавыдаўца стала вялікай стратай для беларусаў. «Салідарнасць» сабрала ўспаміны пра яго.
Пахаванне Рамана Цымберава, памерлага 10 лютага пасля імклівай хваробы, адбудзецца ў пятніцу, 13 лютага. Пра дакладныя час і месца развітання паведамяць пазней.
Павел Бераговіч, фундатар беларускага мастацтва і літаратуры:
— Раман нагадваў мне не беларускага кнігавыдаўца, а японскага самурая.
Невысокі рост, але высокі лоб з характэрнымі залысінамі, негромкі, але глыбокі і выразны голас, зачэпісты позірк…
Ён быццам бы сышоў з гравюры Тоёхары Куніцікі.
Ён і паводзіў сабе, як самурай, які, згодна вядомаму кодэксу, не мае мэты, але мае шлях.
І па гэтым шляху Раман ня толькі йшоў, але ўпарта цягнуў за сабоў валізы, торбы, скрынкі, пакункі кніг.
Беларускіх кніг.
Бо ён быў беларускі самурай, і таму мэта ў яго ўсё ж была:
ДАЙСЦІ ДА БЕЛАРУСІ.
І ня толькі самому дайсці, а давесці туды сотні, тысячы, дзясяткі тысячаў людзей — усіх тых, хто купляў і чытаў кнігі, якія ён выдаў.
І на гэтым шляху я ніколі не чуў ад яго ані скаргаў, ані нараканняў, адно толькі стрыманы аптымізм наконт новых планаў і праэктаў.
Шкадую цяпер, што мы перасякаліся амаль толькі на імпрэзах і не здолелі грунтоўна пагаварыць.
Не знайшоў часу.
…Але калі браць ў тэрмінах ўлюбёнай намі вайсковай гісторыі, пра якую мы таксама не пагаварылі, то Раман быў адным з найвыбітнейшых інтэндантаў, квартармайстараў, лагістаў беларускай справы, бо ніякі шлях немагчымы без інфраструктуры, і, застаючыся нібы ў ценю беларушчыны, ён рабіў вельмі шмат, каб шлях яе трываў і рух яе працягваўся.
Справа гонару для нас працягваць тое, чаму ён прысвяціў жыццё.
Таццяна Нядбай, літаратарка, праваабаронца:
— Памёр выдавец Раман Цымбераў.
Вялізная страта для беларускай кнігі, прорва, якую невядома як і калі і ці наогул удасца запоўніць.
Такі час, што нават у некралогу не скажаш усяго, за што цэніш чалавека, пра ягоны даробак. Але прыйдзе яшчэ час расказаць пра ўсе дасягненні кніганошы Рамана.
Скажу пра чалавечае: на кніжных кірмашах (а менавіта там у асноўным даводзілася перасякацца з Раманам) гэта былі вельмі прыемныя сустрэчы, кантакты, супраца, узаемападмены, узаемападтрымка. Гэта былі вельмі мілыя пасядзелкі потым, на адной з якіх Раман прачытаў свой верш.
Шляхамі Міцкевіча
Рэч Паспалітая у снезе, бо зіма
Пануе скрозь ад Менска да Варшавы.
У лёдзе ўсе дарогі й пераправы
І на дарогах ні душы няма,
Апроч ганцоў ды шляхты па гасцях.
Засценкі спяць пад песні завірухі.
Паўсюль пустэча, ды нудьзба і скруха,
І кожны стаў з сабою сам на сам.
Хай кожны шляхціч ў доме што магнат,
Ды дом то і Наваградак, Панары,
пляц у Варшаве, кракаўскія бары.
За межамі — там дойч ці шчэ які вар'ят.
Вясна абудзіць занядбаны край,
Дарогі ажывуць, адновяць пераправы,
Край уваскрэсне для любві і славы,
Пакуль зіма. Чакай вясны, чакай.
Спадзяюся, Раман адчуваў, як мы перажывалі за яго гэтыя дні і маліліся. Спадзяюся, пачуў тое, што не паспелі сказаць яму асабіста — і пра ўдзячнасць, і пра ягоную магутнасць і ўнікальнасць.
Светлая памяць. Спачуванні родным, сябрам і калегам.
Сабіна Брыло, паэтка:
— Многие видели, какие чемоданы книжек через границы таскал на себе этот невысокий добрый человек.
Роман издал мою вторую книжку — за свои деньги. Еще и пытался мне что-то отдавать с продаж (хотя какие продажи, господи).
Я думаю, это государство Беларусь жрет людей. Жрать людей, если войти во вкус, трудно остановиться.
Я совсем забыла написать, что Рома ведь поэт, лирик. И вот чемодан вдвое больше себя таскать мог... А жизнь не вытянул.
Сяргей Доўгушаў, спявак:
— На аднаго сапраўднага Беларуса стала менш на гэтай планеце.
Аляксандр Пашкевіч, гісторык:
— Мы з Раманам Цымберавым не былі сябрамі, вядома, але былі даволі добрымі знаёмымі. Усё ж такі круцячыся ў такіх спецыфічных і даволі вузкіх для Беларусі сферах, як незалежныя кнігавыдавецтва і кнігараспаўсюд, людзі не могуць адзін аднаго не ведаць. І мы так ці іначай рэгулярна перасякаліся цягам не менш чым дзясятка гадоў, ды нават і больш.
Апошні ж год быў у гэтым плане асаблівы, бо Раман, як вядома, часта матаўся з Беларусі ў Еўропу, перадусім у Літву і Польшчу. І акурат апошні год з пастаяннымі закрыццямі межаў ці адменамі рэйсаў быў надта нестабільны ды непрадказальны. Праз складанасці з нармальным планаваннем паездак Раман некалькі разоў прасіў прыняць яго на начлег ці на пару дзён пажыць, а я ніколі не адмаўляў.
Недзе з паўгода таму ён прыехаў на начлег з пляшкай, мы з ім выпілі перад сном па пару кілішкаў, а рэшту дапіваць не сталі. Ды так тая недапітая пляшка да сёння ў мяне і дастаяла. І думаць я не думаў, канешне, што гэта набудзе такі злавесны сімвалізм — недапітая пляшка як недажытае жыццё.
Хай зямля яму будзе пухам!
Ціхан Чэ, крытык, гісторык літаратуры:
— Усё круціцца гэтая леташняя карцінка: вывальваюся на МО з тралейбуса, каб ісці ў «Павільёнас» адкрываць Стральцоўскі фэст, а проста перада мной Раман, агромныя валізы адна на адной, канструкцыя вышэйшая за яго ростам, якую ён, як нейкі Сізіф, тым не менш упарта коціць угару ў кірунку клуба, хоць адно калёсіка ў валізе ўжо надламалася і шкрабаціць па тратуарнай плітцы. Ні ценю нейкай напругі, акрамя сціснутых вуснаў. Ён наагул мне здаваўся нейкім рабакопам часам.
Калі я працягнуў руку і сказаў, ану па адной разбяром, ён нават і сумеўся. Прывык усё рабіць адзін і не чакаць ніякай падмогі. Але разабралі піраміду на часткі і пайшлі ўдвох.
Раман мог прывезці што заўгодна і перадаць што заўгодна. Мог зайсці ў Акадэмкнігу і купіць табе патрэбную кніжку, а колькі ўсякіх перадачак, клуначкаў і пасылачак пераехала туды і назад. Сітуацыя была ўсё больш ненармальнай, закрываліся межы, але Раман рэгулярна з’яўляўся то тут то там, як той алавяны салдат, якімі ён гандляваў пад Кастрычніцкай.
— Хто з Беларусі будзе?
— Рома дакладна, а больш не ведаю.
Калі пасля фэстаў я заўжды пытаўся, як продажы, ён гэтак жа заўжды быў умерана задаволены. А я з сумам глядзеў, як ён усё пакуе, каб везці назад, і адчуваў віну: мала купіў, зноў так шмат усяго пацягне.
Пра Беларусь таксама распавядаў трохі ўмерана, без экзальтацыі, спакойна, можа сумна. Кнігам вельмі радаваўся. Цешыўся «Аброкам» Лабачэўскай, і гэта сапраўды вельмі крутая выдавецкая праца. Крыху больш эмацыянальна перажываў за сваю справу, за мітрэнгі з ліцэнзямі, і рабіў нешта немагчымае: здаваў экзамены, сядзеў у прыёмных, прыходзіў а 8-й, прыносіў копію, перапісваў, ставіў подпіс, ставіў штампы, плаціў у касу і нейкім чынам сістэма сама здзіўлялася, як такое з ёю можа быць. І выдумляла для яго нешта новае.
На новым фэсце былі прычыны не пабачыцца, але развіталіся добра.
Не на гэтым, так на іншым.
Беражыце сябе.
Читайте еще
Избранное