Паліна Шарэнда-Панасюк: «Ваяваць з жанчынамі — апошняя справа»

Былая палітзняволеная падзялілася думкамі пра прыроду ўлады ў Беларусі, пра свае планы і аптымізм нягледзячы на суцэльны змрок.

Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк у свежым выпуску перадачы Жыццё-маліна падзялілася думкамі пра тое, чаму Лукашэнка ваюе з жанчынамі. Прыводзім гэты ды некаторыя іншыя эпізоды інтэрв’ю.

— Усе ягоныя словы і заявы трэба ўспрымаць наадварот. Калі Лукашэнка гаворыць, што ён не ваюе з жанчынамі, то гэта азначае, што ён з імі ваюе.

Для мяне гэта выкрывае ягоную поўную нікчэмнасць. Асабліва з жанчынамі, якія, знаходзячыся ў гэтых умовах, за гэтым плотам, абсалютна безабаронныя, абсалютна бяспраўныя. Якія знаходзяцца пад абсалютнай уладай катаў.

Былая палітзняволеная падзялілася назіраннем: Лукашэнка баіцца жанчынаў, якія не з’яўляюцца ягоным электаратам, якія не купляюцца на ягоны папулізм і прыкладанне рук да сэрца, як ён гэта рабіў у 90-я ў часе выхадаў у народ.

На яе думку, ён прывык да адносінаў гарэмнага тыпу. Вось ёсць султан, а вакол яго жанчыны, якія яму лісліва пасміхаюцца, нахвальваюць ягоную мудрасць і ўладу.

— А вось такіх жанчын ён баіцца. Каторыя не толькі не ўспрымаюць яго як мужчыну, але і вобраз гэты ягоны «наймудрэйшага», «наймагутнейшага».

У гісторыі Беларусі былую палітзняволеную натхняюць вобразы Эміліі Плятэр і Ларысы Геніюш. З сучасніц яна назвала жанчынаў, што засталіся ў калоніі: Алену Гнаўк, Вольгу Маёраву, Вікторыю Кульшу.

Пра планы на бліжэйшы час

— На маім календары 2020 год. І таму ў мяне застаюцца тыя ж самыя планы і мэты, якія мы, беларусы, не дарабілі ў 2020 годзе. Я думаю, што ў кожнага чалавека, які з’ехаў на волю, але марыць вярнуцца ў Беларусь, прынесці туды гэтую волю, таксама на календары павінен быць 2020 год і тыя мэты, якія мы не дасягнулі.

Чаму нельга «перагарнуць старонку»

— Калі я чую «давайце перагорнем старонку», то якую старонку мы збіраемся перагортваць? Фальсіфікацыі гэтыя страшэнныя? Гэты ціск на людзей? Прабачце мяне, забітыя, параненыя, проста згвалчаныя, людзі, якія сталі калекамі. Сотні тысяч людзей, якія вымушаныя былі з’ехаць. І давайце перагорнем, давайце забудзем гэта?

Гэта ўжо было. 2020-ы быў у 2001-м, у 2006-м, я ўжо не кажу пра 2010-ы. І кожны раз старонка перагортвалася. І калі зноў пайсці на вось гэта? Гэта з усіх бакоў неэтычна. Як усё гэта можна дараваць?

Чаму Беларусь жыве

І праз чатыры гады катаванняў Паліна Шарэнда-Панасюк упэўненая, што ў 2020-м беларусы не прайгралі, і што цяпер, нягледзячы на татальны змрок, Беларусь жыве.

— Таму што ёсць людзі. Людзі, якія гатовыя ісці за Беларусь, укладаць у гэта сродкі. І гэта не толькі пра грошы — яны гатовыя ахвяраваць сабой.

***

Нагадаем, што Паліна Шарэнда-Панасюк правяла ў зняволенні больш за чатыры гады. Тройчы ёй дадавалі новыя тэрміны паводле арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»).

За гэты час 270 сутак агулам яна правяла ў карцарах і штрафных ізалятарах, таксама некалькі разоў знаходзілася на прымусовай псіхіятрычнай экспертызе ў Навінках.

1 лютага яна выйшла на свабоду і неўзабаве выехала ў Літву. 10 лютага былая палітзняволеная правяла прэс-канферэнцыю, на якой расказала пра ўмовы ўтрымання ў беларускіх калоніях, пра акалічнасці свайго вызвалення і вярбоўку КДБ.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(9)