«Па адчуваннях, хварэюць усе. Грып — у 100% выпадкаў»
Беларускі педыятр расказаў пра нечуваны наплыў пацыентаў. Дзеці хваробу пераносяць цяжэй. Падрабязнасці публікуе Наша Ніва.
Педыятар адзначае, што апошні тыдзень у яго поўны калідор людзей — такога спецыяліст яшчэ ніколі не бачыў. Ён кажа, што пабачыў, здаецца, усіх дзяцей на сваім участку — нават тых, звычайна з’яўляецца ў доктара толькі па нейкую даведку, бо амаль не хварэе.
— Па адчуваннях, хварэюць усе. Грып — у 100% выпадкаў, я б сказаў. Пры гэтым дзеці доўга не папраўляюцца. Шмат бранхітаў — класічных, пнеўмакокавых, якія ідуць як бактэрыяльнае ускладненне пасля грыпу.
Па словах спецыяліста, пачынаецца грып тыпова: моцна баліць галава і ногі (у некаторых выпадках бацькі нават кажуць, што дзіцё не дойдзе да паліклінікі), вялікая тэмпература, пад 40, якая не збіваецца. На фоне такой тэмпературы даволі часта бывае і ванітуе.
— Бывае, што здаецца сітуацыя нармалізуецца, на выходных два дні тэмпературы няма. А ў панядзелак усё пачынаецца зноў. Плюс кашаль, дададюцца хрыпы. У кагосьці пачынаецца бранхіт, у кагосьці пнеўманія, у кагосьці атыт.
Доктар прагназуе, што пасля вясенніх канікул (яны ўжо пачаліся) сітуацыя пачне лепшаць, а ў красавіку захворванне на грып пойдзе на спад.
А на будучыню спецыяліст заклікае загадзя рабіць прышчэпкі ад грыпу. Бо, па яго назіраннях, тыя дзеці, якія мелі прышчэпкі, сёлета хварэюць лягчэй.
Тэрапеўты, якія працуюць з дарослымі, адзначаюць, што ў іх такой жахлівай сітуацыі не назіраецца.
Читайте еще
Избранное