Навумчык: «Ёсьць рэч, якую ня могуць зразумець заходнія палітыкі пра Расею»

Палітычны аглядальнік Сяргей Навумчык – пра тое, чым жыхары РФ адрозніваюцца ад жыхароў іншых краін.

– Ёсьць рэч, якую ня могуць зразумець заходнія палітыкі. Гэта — нязначнасьць матэрыяльнага дабрабыту для «глыбіннага» рускага чалавека перад ягоным імкненьнем бачыць Расею «великой», – піша Навумчык. – Ды ўвогуле, рускі чалавек ня тое што гадамі, ня тое што ўсё жыцьцё сваё — а пакаленьнямі цярпець умовы, якія немец ці француз зь цяжкасьцю можа сабе ўявіць.

Сяргей Навумчык

У Германіі зьнікненьне паловы гатункаў піва з-за эканамічных памылак ураду імгненна зьмяло б урад; у Францыі пэнсійная рэформа, па сутнасьці, гэта зрабіла. У Расіі пятая частка насельніцтва (гэта як дзьве Галяндыі) жыве ва ўмовах «удобства — во дворе», і нармальна. Дзяды-прадзеды гэтак жылі — унукі-праўнукі гэтак жыць будуць.

Але фэномэн сёньняшняй Расеі ня ў гэтым. Пуцін не залежыць ня толькі ад узроўню жыцьця сваіх грамадзянаў: ён не залежыць ад фізычнага іх жыцьця. Бо самі грамадзяне ня цэняць жыцьцё. Ні жыцьцё суседа, ні жыцьцё сына, брата ці мужа, ні ўласнае.

Незалежныя аналітыкі называюць колькасьць пацьверджаных (нэкралёгамі ў мясцовых газэтах і г.д.) забітых на вайне з Украінай у 110 000 грамадзянаў РФ. Несумненна, што рэальная лічба значна большая. Некаторыя кажуць, што большая ў тры разы.

І гэта ніяк не ўскалыхнула «глыбінны» рускі народ, гэтыя 85% насельніцтва. Наадварот — «ещё теснее сплотили свои ряды». Нядаўняе маштабнае «победобесие» гэта пацьвердзіла.

Пуцін можа пакласьці яшчэ і мільён, і пяць мільёнаў без усялякай для сябе рызыкі. Так што ніякі 18-ты (альбо 118-ты?) пакет эўрапейскіх санкцый яму ня страшны.

Страшная для яго — толькі сіла. Вайсковая сіла ў некалькі разоў больш моцнага праціўніка. Якім было і пакуль застаецца NATO.

А ў непасрэднае баявое сутыкненьне з расейскай арміяй, як даваў ясна зразумець яшчэ Байдэн, Захад уступаць намеру ня мае. І нават украінцам, якія ваююць і гатовыя ваяваць далей, зброя адмяраецца ў аптэкарскіх маштабах (калі параўноўваць з рэальнай патрэбай).

Што азначае — у сутыкненьне з NATO першым уступіць Пуцін.

Ці ёсьць неабходнасьць называць краіну, тэрыторыя якой будзе ізноў скарыстаная як вайсковы пляцдарм?

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(49)