Скандалы

Маштабная крымінальная справа арганізатараў канцэртаў звязана з прызнаннем «экстрэмісцкім фарміраваннем» чата «Орг BY»

Нашай ніве сталі вядомыя новыя дэталі затрыманняў у канцэртнай сферы.

Канцэрт у Палацы Рэспублікі. Ілюстрацыйнае фота: 1prof.by

Выданне раней пісала пра шэраг затрыманняў у канцэртнай сферы. Спачатку стала вядома пра дырэктара Палаца Рэспублікі Максіма Прыхадоўскага. Таксама ў СІЗА апынуліся кіраўнікі івэнт-кампаній — Ілля Піятроўскі з Blackout Studio і Аляксандр Манышаў — арганізатар канцэртаў, які мае дачыненне да агенцтваў «Атам Інтэртэйнмэнт» і «Анбрэйкбл», што абслугоўвалі пралукашэнкаўскія мерапрыемствы. Рукі сілавікоў дабраліся і да кіраўніцтва Kvitki.by.

Цяпер стала зразумела, па якім спісе ішлі сілавікі для затрымання.

Падзеі з арыштамі звязаныя з прызнаннем экстрэмісцкім фармаваннем тэлеграм-чата «Орг BY».

Сярод тых, хто меў да яго дачыненне, па версіі КДБ, акурат Аляксандр Касінскі, які быў дырэктарам Kvitki.by. Як нам ананімна распавёў адзін з удзельнікаў таго чаціка, які цяпер знаходзіцца ў эміграцыі, «Орг BY» быў створаны ў першай палове 2020 года, выключна для каардынацыі працы прафесіяналамі сферы. На двары быў кавід, правілы гульні на рынку кардынальна змяняліся.

«Там мы проста дзяліліся працоўным досведам, нешта маглі адзін аднаму параіць. Нічога «экстрэмісцкага» ў чаце дакладна не было, было ўсё пра Беларусь, пра будучыню, пра нейкі пазітыў яшчэ», — расказвае суразмоўца. Сам ён таксама меў дачыненне да арганізацыі канцэртаў, яго дадалі ў чат «Орг BY» у 2020 годзе. Прыблізна ў 2021‑м усе дыялогі там скончыліся.

Чат знайшлі на тэлефоне ў аднаго з канцэртнікаў. І гэта стала падставай наведацца да іншых удзельнікаў, якія заставаліся ў Беларусі і былі ідэнтыфікаваныя. Падчас праверак людзей некаторым дадаваліся і іншыя абвінавачванні, напрыклад, у карупцыі.

«Кіраўніцтва Kvitki.by ужо на волі, бо пачало супрацоўнічаць са следствам. А вось той жа Ілля Піятроўскі з Blackout Studio яшчэ сядзіць. Па-першае, ён ніяк не хоча прызнаваць выстаўленыя яму абвінавачванні ва ўхіленні ад падаткаў. Па-другое, яго маскоўская жонка яму наняла адразу расійскіх адвакатаў, якія сябе агрэсіўна паводзілі, таму яго не выпусцілі, хаця ён мог выйсці пад заклад і быць дома», — расказала «Нашай Ніве» знаёмая з сітуацыяй крыніца.

Як распавёў яшчэ адзін чалавек са сферы, за кратамі знаходзіцца і іншы прадстаўнік Blackout Studio Валер Калеснікаў. Нейкі час ён нават прабыў у адной камеры з Аляксандрам Манышавым з «Атам Інтэртэйнмэнт» — мяркуецца, што ў мэтах пачуць ад іх нейкую дадатковую інфармацыю, калі яны разгаворацца.

читайте также

Для Blackout Studio гэта, дарэчы, ужо далёка не першы штрых у крымінальнай біяграфіі. Так, у 2021 годзе за карупцыю быў асуджаны былы дырэктар «Мінскканцэрта» Андрэй Мікуцэвіч. Мужчына браў грошы за афармленне дамоваў на аказанне паслуг без правядзення канкурэнтных працэдур закупаў. Адным з тых, хто заплаціў яму хабар, быў дырэктар Blackout Studio.

Што тычыцца кіраўніка Палаца Рэспублікі Максіма Прыхадоўскага, на працоўным месцы ён дагэтуль адсутнічае, хаця па-ранейшаму пазначаны як дырэктар на афіцыйным сайце. Аляксандр Манышаў жа стабільна не анлайн ад пачатку верасня.