У Лукашэнкі з Пуціным не адносіны рабаўласніка і раба, але адносіны васала і сюзерэна.
«Лукашэнку дазволена ўнутры Беларусі рабіць усё, што ён хоча. Але каб гэта не перашкаджала расійскім інтарэсам»
Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў — пра новыя пагрозы Захаду ад імя «саюзнай дзяржавы» і расійскія абцугі, што працягваюць сціскацца вакол Беларусі.
Кіраўнік службы выведкі РФ Сяргей Нарышкін 15 красавіка сустрэўся ў Мінску з Аляксандрам Лукашэнкам і старшынём КДБ Іванам Церцелем.
А пасля сустрэчы выдаў порцыю не надта завуаляваных пагроз у бок НАТО і суседніх краін: маўляў, Польшча і краіны Балтыі «бразгаюць зброяй», але ў выпадку агрэсіі НАТО супраць так званай саюзнай дзяржавы яны ж першыя і пацерпяць. Што гэта было?
— Там далей яшчэ цікавей, у гэтых заявах, — зазначыў у эфіры Еўрарадыё палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў, — што «агрэсія» краін Балтыі і Польшчы дайшла да такой ступені, ажно хочуць паставіць ля мяжы міны.

І гэта, паводле Нарышкіна, акт агрэсіі — што суседзі абараняюць сваю дзяржаву, ставяць міны, каб не прайшлі танкі… Проста неверагодна. Смех смехам, але мы бачым, што напружанне падтрымліваецца.
Аналітык таксама звярнуў увагу, што правіцель сустрэўся з кіраўніком расійскай выведкі асабіста, як асабіста заўжды прымае і кіраўнікоў рэгіёнаў, ды яшчэ дзякуе, што тыя «знайшлі час». Але пры тым, мяркуе Цыганкоў, не варта недаацэньваць статус правадыра рэжыму:
— Не пагаджуся, што ён марыянетка ў руках лялькавода.
Васал павінен даваць сюзерэну нейкія паслугі, магчымасці на сваёй тэрыторыі, але ж ён мае і шмат правоў, і даволі самастойны, калі гэта не перашкаджае стратэгічным інтарэсам свайго сюзерэна.
Лукашэнку дазволена ўнутры Беларусі рабіць, што ён хоча, што трэба — але каб гэта не перашкаджала расійскім інтарэсам. І няма ніводнага рашэння, ва ўсякім разе, за апошнія 5 гадоў, каторае хоць як-небудзь ставіла б пад сумнеў расійскія інтарэсы ў рэгіёне.
Больш за тое, яны сталі мацней прыціскаць у такіх сферах, як гісторыя, ідэалогія, мова, што раней аддавалася на водкуп беларускаму кіраўніцтву.
І гэтая духоўна-гістарычная анексія выглядае сапраўды сур’ёзна, хоць і не абавязкова прадугледжвае поўную палітычную анексію.
Як я калісьці сумна пажартаваў: мы жывём з умовай пагрозы знішчэння беларускай незалежнасці з першых дзён існавання беларускай незалежнасці.
У апошнія гады заўважна, што расійскія абцугі сціскаюцца па ўсіх кірунках, а Лукашэнка гэта дазваляе, паколькі ў яго няма варыянтаў. Ні ў бок Захаду, ні ў бок беларускага незалежнага грамадства ён рухацца не можа, бо з Захадам усё абрубіў пасля 2020 года і пасля падтрымкі вайны, а з беларускім грамадствам ён сам змагаецца.
На каго цяпер абаперціся — невядома, хіба на «новы стары» апарат і на «новую» ідэалогію?
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное