Карбалевіч: «Зяленскі імкнецца нэўтралізаваць вобраз Лукашэнкі-міртаворца, паказаць ягонае сапраўднае месца»
Указ Зяленскага аб увядзеньні пэрсанальных санкцыяў супраць Лукашэнкі азначае пераход да больш жорсткай лініі Кіева адносна афіцыйнага Менску. Зяленскі імкнецца нэўтралізаваць вобраз Лукашэнкі-міртаворца, паказаць ягонае сапраўднае месца, піша на Радыё Свабода палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.
Пасьля таго, як 25 студзеня ў Вільні прэзыдэнт Украіны Ўладзімер Зяленскі ўпершыню правёў перамовы зь беларускай дэмакратычнай лідэркай Сьвятланай Ціханоўскай, запрасіў яе наведаць Кіеў, экспэрты, мэдыі загаварылі пра перамены ўкраінскай палітыкі адносна Беларусі. Але тое, што зьмена курса адбываецца так хутка і рашуча, стала пэўнай нечаканасьцю.
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзеньні пэрсанальных санкцыяў супраць Аляксандра Лукашэнкі. Гэты жэст азначае пераход да больш жорсткай лініі Кіева адносна афіцыйнага Менску.
Паводле падпісанага Зяленскім дакумэнта, падставай для ўвядзеньня санкцый сталі новыя антыўкраінскія дзеяньні Беларусі.
Гэта разгортваньне ў другой палове 2025 году сыстэмы рэтрансьлятараў для кіраваньня ўдарнымі дронамі, што павялічыла магчымасьці расейскай арміі наносіць удары па Ўкраіне. А таксама разбудова інфраструктуры для разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ракет сярэдняй далёкасьці — «Арэшніку», пастаўка Расеі крытычных вузлоў і кампанэнтаў для гэтай зброі, што ёсьць відавочнаю пагрозаю не толькі для ўкраінцаў, а і для ўсіх эўрапейцаў.
Ва ўказе Зяленскага зьвяртаюць на сябе ўвагу некалькі акалічнасьцяў. Найперш, гэта санкцыі не супраць Беларусі, а пэрсанальныя санкцыі супраць Лукашэнкі. Гэтым падкрэсьліваецца, што Ўкраіна аддзяляе ягоную асобу ад краіны і беларускага грамадзтва. Невыпадкова, Кіеў бярэ курс на супрацоўніцтва, саюз зь беларускай апазыцыяй.
У дакумэнце Лукашэнка названы «самаабвешчаным прэзыдэнтам Беларусі». То бок ён не прызнаецца законным кіраўніком беларускай дзяржавы. Санкцыі маюць тэрмін дзеяньня — 10 гадоў. То бок, яны не могуць памяняцца ў залежнасьці ад зьменлівай палітычнай каньюнктуры.
Міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга заявіў, Аляксандар Лукашэнка павінен быць прыцягнуты да адказнасьці за саўдзел у агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Згаданыя ў дакумэнце абмежаваньні ў эканоміцы, гандлі, іншых сфэрах беларуска-украінскага супрацоўніцтва дэ-факта даўна рэалізаваліся з пачаткам вайны. Таму гэтыя санкцыі носяць палітычны, нават сымбалічны характар. Гэта дыпляматычны дэмарш, замежнапалітычны жэст, які павінен дэманстраваць стаўленьне Ўкраіны да рэжыму Лукашэнкі.
Пра прычыны такога павароту афіцыйнага Кіева да Беларусі шмат сказана ў экспэртнай супольнасьці. Найперш, гэта зьмена кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны (Кірыл Буданаў замест Андрэя Ярмака).
Але існуюць важныя сыстэмныя чыньнікі, якія абумоўліваюць новыя падыходы Кіева да Беларусі.
Украінскае кіраўніцтва ўпэўнілася, што Лукашэнка не пашле беларускія войскі на вайну, не адкрые другі фронт супраць Ўкраіны. Вайна ідзе да канца, і зараз больш відавочна, што ўдзел у ёй не прынясе нейкіх дывідэндаў Беларусі.
Украінскія дроны выявіліся вельмі эфэктыўнымі ў выбіваньні расейскіх нафтаперапрацоўчых заводаў. Прычым, дастаюць іх нават за Ўралам. І ў выпадку чаго два беларускія НПЗ могуць быць зьнішчаны за адну ноч. Гэта дадае кіраўніцтву Ўкраіны ўпэўненасьці і дазваляе Кіеву размаўляць з Менскам з пазыцыі сілы.
Паколькі ЗША ўсё больш дыстанцуюцца ад Эўропы, рэзка зьменшылі падтрымку Ўкраіны, то Кіеў вырашыў, што ў яго цяпер у пэўнай ступені разьвязаныя рукі, трэба весьці сваю гульню, быць больш самастойным, у тым ліку і на беларускім кірунку.
Можна меркаваць, украінскаму кіраўніцтву не падабаецца, што Вашынгтон вядзе актыўныя перамовы з афіцыйным Менскам, часткова здымаючы санкцыі з беларускіх прадпрыемстваў. Кіеў раздражняе, што ЗША разглядае Лукашэнку як важны чыньнік замірэньня ва Ўкраіне, а беларускі ўладар прэзэнтуе сябе як міратворца, усяляк заклікае да міру, прапануе правесьці мірныя перамовы ў Менску і адначасова падтрымлівае расейскую агрэсію.
І сваёй цяперашняй акцыяй Зяленскі імкнецца нэўтралізаваць гэты вобраз, паказаць Лукашэнку ягонае сапраўднае месца. Пры гэтым Кіеў не бянтэжыць, што палітыка Украіны і ЗША адносна Беларусі цяпер рухаюцца на супрацьходзе.
Па меры набліжэньня канца вайны ў Кіеве задумваюцца аб пасьляваенным сьвеце. Украіна прэтэндуе на ролю рэгіянальнага лідэра. Статус Беларусі вельмі важны для пасьляваеннага геапалітычнага становішча Украіны, яе бясьпекі. Дэмакратычныя зьмены ў Беларусі радыкальна паўплывалі б на пазыцыянаваньне Ўкраіны ў пасьляваенным супрацьстаяньні з Расеяй.
Менавіта ў такой лёгіцы варта разглядаць курс Кіева на саюз з беларускай апазыцыяй, дэмакратычнай супольнасьцю і дэманізацыю Лукашэнкі.
Читайте еще
Избранное