Карбалевіч: Рызыка ўцягвання Беларусі ў вайну Расіі з Украінай захоўваецца

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч — пра «чужую вайну».

Валер Карбалевіч

— Вайна Расіі супраць Украіны перакрочыла важную мяжу, — адзначае Валер Карбалевіч у аглядзе вынікаў тыдня на Радыё Свабода. —  Усе аглядальнікі звярнулі ўвагу, што яна ўжо цягнецца больш, чым мінулая вайна, якая ў савецкай гісторыяграфіі і цяперашняй беларускай і расійскай гісторыяграфіі называецца Вялікая Айчынная вайна.

Аналітык звяртае ўвагу, што падстава для параўнання — тое, што цяперашняе кіраўніцтва Расіі лічыць, што яно працягвае тую барацьбу, якая закончылася ў 1945 годзе, то бок для іх гэта працяг таго змагання з нацызмам, які вёў калісьці Савецкі Саюз.

— Калі параўноваць гэтыя войны, то параўнанне не на карысць цяперашняй расійскай вайны, бо тая вайна да гэтага часу закончылася перамогай, была ўзятая сталіца ворага. У Савецкага Саюза былі саюзнікі — самыя моцныя ў свеце. У выніку той вайны Савецкі Саюз набыў геапалітычную вагу.

А што маем цяпер? Расія не мае вялікіх перамог. Вайна ператварылася ў вайну на знясіленне. І можна казаць пра міжнародную ізаляцыю Расіі. Ва ўсякім разе яна не набыла саюзнікаў. Толькі Беларусь ды Паўночную Карэю можна лічыць афіцыйнымі саюзнікамі Расіі.

Вайна ідзе па шляху эскалацыі. Мы можам сказаць, што сёння Расія ўсё больш наносіць удары па грамадзянскім аб’ектам, вялізная частка Кіева без цяпла і ацяплення, без электрычнасці.

Гэтую вайну Расія вядзе наёмным войскам. Тыя людзі, якіх мабілізуюць на вайну, атрымоўваюць вялікія грошы. Значная частка ідзе добраахвотнікамі менавіта за грошы, таму на нейкую народную ці айчынную вайну гэта абсалютна непадобна.

Для Беларусі гэта чужая вайна, прычым чужая для ўсіх катэгорый насельніцтва: і грамадства, і ўлады, і апазіцыі. І нават вельмі паказальныя паводзіны Аляксандра Лукашэнкі. Ён не ганарыцца тым, што з’яўляецца саюзнікам Расіі. Наадварот, ён гэтага неяк саромеецца. Самога слова, што вось, я, маўляў, аказаўся ў якасці суагрэсара, ён пра гэта кажа з горыччу. Спрабуе даказаць, што Расія пачала напад на Украіну з тэрыторыі Беларусі без ведама і нават інфармавання кіраўніцтва Беларусі.

Ён спрабуе ўзяць на сябе вобраз міратворца. І гэта вельмі паказальна, ён крыху дыстанцуецца ад гэтай вайны.

Рызыка ўцягвання Беларусі ў гэтую вайну захоўваецца. Пакуль Лукашэнку ўдалося дыстанцыявацца ад гэтай вайны і не дасылаць беларускае войска на фронт ва Украіну. І гэта тлумачыцца не толькі тым, што, маўляў, Расія вялікая і ў іх сваіх жаўнераў хапае, таму што калі б хапала, то не даводзілася б туды завозіць жаўнераў з Паўночнай Карэі.

Падчас апошняй сустрэчы Лукашэнкі з кіраўнікамі сілавых структур Лукашэнка казаў, што ёсць праблема з дронамі, якія залятаюць на тэрыторыю Беларусі, і з імі немагчыма нічога зрабіць. Беларуская сістэма супрацьпаветранай абароны з імі не спраўляецца. Украінцы скардзяцца на тое, што дроны ляцяць праз тэрыторыю Беларусі. Так што нічога добрага гэтая вайна для Беларусі не нясе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.8(5)