Политика

Карбалевіч: «Амэрыканцы сутыкнуліся зь беларускай рэальнасьцю. І яна ім не спадабалася»

Што будзе зь перамоўным працэсам Беларусі з ЗША, незразумела, піша палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

Амэрыканцы сутыкнуліся зь беларускай рэальнасьцю. І яна ім не спадабалася. А гісторыя з шарамі на літоўскай мяжы паказвае, што тактыка «мір празь сілу» — прывілея вялікіх дзяржаваў. Спроба яе прымяненьня лукашэнкаўскім рэжымам дала збой.

Валер Карбалевіч

Крызіс перамоўнага працэсу з ЗША

Даўно вядома, што скандальны палітычны стыль Аляксандра Лукашэнкі — гэта частка ягонага палітычнага вобразу. Эпатаж на мяжы, а часам за мяжой прыстойнасьці стаў адметнай візытоўкай беларускага ўладара.

Аднак нават з такім бэкграўндам канцэнтрацыя скандальных заяваў, якія прагучалі 31 красавіка, выглядае пераборам.

Седзячы на лавачцы ў вёсцы Домжарыцы Лепельскага раёна, Лукашэнка прачытаў лекцыю пра міжнароднае становішча. Падчас якой нецэнзурна паслаў ЗША, аб’явіў Рамана Пратасевіча супрацоўнікам беларускай выведкі, выказаў жаданьне прадаваць Эўропе паветра, апавядаў, як літоўцы прыехалі ў Беларусь, каб запускаць адтуль паветраныя шары з кантрабандай.

І ўсё гэта на поўным сур’ёзе. Кажучы мовай літаратурнай клясыкі, «Астапа панесла».

Звычайна, скандальнымі заявамі Лукашэнка маскіруе нэрвовы зрыў. Здаецца, нешта падобнае адбылося і цяпер. Чаму сарваўся?

читайте также

Магу выказаць меркаваньне, што гэта стала рэакцыяй на крызіс перамоўнага працэсу з ЗША. Прычым, здарыўся ён нібы на роўным месцы, праз шары.

Мары пра «вялікую ўгоду» разбураюцца, як лічыць беларускае кіраўніцтва праз «дробязі». Перамоўны працэс спатыкнуўся, калі казаць сёньняшнім расейскім палітычным слэнгам, аб «рэаліі на зямлі».

За апошнія паўтара месяцы Лукашэнка чатыры разы ўзгадаў пра «вялікую ўгоду». Прычым, гаворка пра «зьдзелку» Беларусі ня толькі з ЗША, але і з ЭЗ. Як меркавалася, у яе рамках павінен адбыцца абмен палітычнымі саступкамі «усё на ўсё», у прыватнасьці вырашыцца «міграцыйны крызіс», адмена санкцый, вызваленьне палітвязьняў і інш.

На каго ціснуць ЗША?

Тут дысананс узьнік праз тое, што да перамоўнага працэсу Беларусі з ЗША не далучыўся ЭЗ. Паводле развагаў Лукашэнкі, галоўнае — дамовіцца з Вашынгтонам. Бо, як ён лічыць, ЭЗ не зьяўляецца самастойным палітычным суб’ектам: што Дональд Трамп скажа, тое Эўропа і будзе рабіць.

Таму ў адносінах з краінамі ЭЗ, найперш, з суседзямі трэба праводзіць палітыку з пазыцыі сілы, ціснуць, каб прымусіць да саступак. Напрыклад, з дапамогай мігранцкіх атак.

Але, паводле нармальнай лёгікі, падчас перамоўнага працэсу бакі не павінны былі б рабіць крокі па эскаляцыі канфлікту. Да мігранцкіх атак усе ўжо прызвычаіліся, яны сталі новай нормай. Аднак тут здарылася гэтая гісторыя з кантрабанднымі шарамі.

Цяжка дакладна сказаць, ці то была сьвядомая спэцапэрацыя беларускіх сілавікоў, каб нашкодзіць суседзям, ці то то быў нейкі стыхійны працэс, якому беларускія ўлады вырашылі не перашкаджаць. Аднак шары спаралізавалі працу віленскага аэрапорту, што, магчыма, сталася непрадбачаным наступствам. І атрымаўся гучны скандал.

І тут выявілася цікавая рэч. У Менску разьлічвалі, што ЗША будуць ціснуць на краіны ЭЗ, каб прымусіць іх далучыцца да беларуска-амэрыканскай угоды. Аднак атрымалася наадварот.

Літва паскардзілася Вашынгтону, у выніку чаго, ЗША запатрабавалі ад Менску ня толькі спыненьня атак шарамі, але і прабачэньня (што асабліва абурыла Лукашэнку). Пазыцыя амэрыканцаў зразумелая: параліч працы аэрапорту — гэта ўжо ня толькі праблема двухбаковых дачыненьняў Беларусі і Літвы, тут ідзецца пра бясьпеку міжнародных авіяцыйных зносін.

Лукашэнка трапіў у непрыемную сытуацыю. Для яго прасіць прабачэньня — немагчымая справа. Бо правадыр, як ён сам сябе лічыць, патрыярх сусьветнай палітыкі, ня можа памыляцца.

Няўклюдныя выкручваньні

Цікава паглядзець, як Лукашэнка спрабаваў выкручвацца з гэтай непрыемнай сытуацыі з шарамі.

Першая рэакцыя — няма праблемы, літоўцы «падставу прыдумалі абсурдную», каб сарваць канфэрэнцыю па эўразійскай бясьпецы ў Менску. Потым наступны этап: ну, «тры шары заляцела». Затым ён прызнае, што насамрэч шары былі і ў немалой колькасьці, але, маўляў, гэта літоўцы прыехалі сюды і самі запускаюць.

То бок, Лукашэнка прызнае, што беларуская дзяржава не кантралюе сваю тэрыторыю, замежнікі прыяжджаюць сюды і робяць тут, што захочуць? Ён тлумачыць бязьдзеяньне сілавых структур тым, што, маўляў, літоўцы легальна купляюць беларускія цыгарэты, а тое, што яны потым перакідваюць іх з дапамогай зондаў празь мяжу — ня наша справа.

Аднак, нагадаю, кантрабанда (як, дарэчы, і незаконны пераход мяжы мігрантамі) зьяўляецца, паводле беларускага заканадаўства, злачынствам. Атрымоўваецца, што праваахоўныя органы сьвядома не выконваюць свае функцыі.

У адказ на рашэньне Літвы аб закрыцьці мяжы, беларускі бок заблякаваў на месяц 5 тысяч літоўскіх фур, якія апынуліся ў Беларусі.

Скандал у беларуска-літоўскіх адносінах паўплываў на дачыненьні Беларусі і Польшчы. Менск і Варшава дамовіліся аб тым, што ў абмен на вызваленьне знакавых палітвязьняў польскі бок адчыніць два памежныя пераходы. Аднак, праяўляючы салідарнасьць зь Літвой, Польшча пераносіць адкрыцьцё памежных пераходаў на два тыдні. МЗС Беларусі адрэагаваў на гэта рэзкай заявай, і Лукашэнка абурыўся.

Што цяпер будзе з перамоўным працэсам Беларусі з ЗША, незразумела. Амэрыканцы сутыкнуліся зь беларускай рэальнасьцю. І яна ім не спадабалася. Да таго ж, мір ва Ўкраіне аддаляецца. А менавіта ў кантэксьце перамоваў з РФ Вашынгтону быў цікавы Лукашэнка.

Ва ўсялякім разе гэтая гісторыя з шарамі паказвае, што тактыка «мір праз сілу» — прывілея вялікіх дзяржаваў. Спроба яе прымяненьня лукашэнкаўскім рэжымам дала збой.

Як Раман Пратасевіч стаў выведнікам

Два словы пра новы статус Рамана Пратасевіча. Такое ўражаньне, што гісторыю пра яго, як супрацоўніка беларускай выведкі, Лукашэнка прыдумаў на хаду. Дзеля штучнай сэнсацыі. Справа нават ня ў тым, што ягоная цяперашняя вэрсія кардынальна супярэчыць усім мінулым развагам пра гэтага пэрсанажа (ён называў Пратасевіча «тэрарыстам», які ўчыняў страшныя злачынствы супраць Беларусі). І варта запытаць, калі ж Лукашэнка казаў праўду.

Узьнікае іншае лягічнае пытаньне. Калі Пратасевіч зьяўляецца супрацоўнікам беларускай выведкі, то навошта ўлады Беларусі пасадзілі ў Менску самалёт са сваім агентам? Бо ў 2022 годзе Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) выпусьціла даклад, зь якога вынікае, што інфармацыя аб бомбе на борце была загадзя ілжывай. Але калі ўжо самалёт пасадзілі, то навошта было арыштоўваць свайго агента? Лёгікі тут ніякай.

А Рома хуценька пацьвердзіў, што ён — знаны выведнік. Сытуацыя абсурду дыктуе свае правілы. Калі б Лукашэнка сказаў, што Пратасевіч іншаплянэтнік, той таксама пацьвердзіў бы. Бо што яму застаецца рабіць?