Политика

Карбалевіч: Ад апазыцыі цяпер мала што залежыць, варта рыхтавацца да сыходу Лукашэнкі

У незалежных мэдыя разгортваецца дыскусія наконт таго, ці варта «перагарнуць старонку» 2020 году, піша на Радыё Свабода Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч

Высьвятляецца, што ўдзельнікі дыскусіі па-рознаму разумеюць, што гэта значыць. Уласна кажучы, ідзецца пра стратэгію і тактыку дэмакратычных сілаў. Вечная палеміка пра тое, «якая дарога вядзе да храма».

Падобнага кшталту спрэчкі не перапыняліся ад самага 2020 году. Праз два гады, на віленскай канфэрэнцыі дэмакратычных сілаў «Новая Беларусь» быў узяты курс на сілавое вырашэньне беларускага канфлікту. То быў адказ на запыт палітызаванай публікі, якая радыкалізавалася і лічыла памылкай мірны характар пратэстаў.

Таксама гэты запыт быў сфармаваны і пачаткам вайны ва Ўкраіне. У Аб’яднаным пераходным кабінэце зьявілася пасада «міністра абароны», выказваліся моцныя спадзевы на Полк Каліноўскага.

Апошні год выявіў адваротны працэс. Павялічваецца ўплыў тых сілаў, якія лічаць, што галоўнае пытаньне для апазыцыйных структураў — вызваленьне палітвязьняў. Усе астатнія задачы павінны адыйсьці на другі плян. Кульмінацыяй гэтай тэндэнцыі стала ідэя круглага стала паміж апазыцыяй і ўладай.

Аднак, падаецца, што падчас гэтых дыскусій выяўляецца адна праблема. Існуе ўстойлівае ўяўленьне: усё залежыць ад знаходжаньня правільнага рашэньня, выпрацоўкі пераможнай стратэгіі, тактыкі, а ўсе беды здараюцца праз выбар памылковай палітычнай лініі.

Насамрэч, часьцей за ўсё ў палітычным працэсе ў нейкі момант акалічнасьці складваюцца так, што проста няма нейкай лініі, курсу, якія прывядуць да перамогі. То бок ад дзеяньняў пэўнай палітычнай сілы, яе правільнай ці няправільнай палітыкі мала што залежыць. Здаецца, для беларускай апазыцыі цяпер якраз такі момант.

Але для дэмакратычных сілаў Беларусі такая сытуацыя ня новая. І да 2020 году адбываліся дыскусіі і спрэчкі наконт пераможнай стратэгіі. Здавалася, выкарыстоўвалі амаль усе магчымыя мэтады і спосабы барацьбы: удзел у выбарах, байкот, вылучэньне адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах, вялікая колькасьць кандыдатаў (2010 год), галадоўкі, вулічныя пратэсты, намётавы гарадок (2006), праймэрыз (2020). І ўсё безвынікова.

А ў 2020 годзе ўсё само выбухнула, і то было вынікам ня пэўнага правільнага палітычнага курсу нейкага штабу, а стыхійнай творчасьці мас.

Цяпер праз пяць гадоў пасьля таго пасыянарнага выбуху зноў паўстае пытаньне: што рабіць? Ідэя «перагарнуць старонку» грунтуецца на тым, што курс на зрынаньне рэжыму, які абапіраўся на досьвед 2020 году, сябе вычарпаў. Ідзе пошук новай стратэгіі. Мой калега Юры Дракахрустсфармуляваў дылему дэмакратычных сілаў такім чынам:

«Ці ёсьць нейкі варыянт паміж капітуляцыяй і бескампрамісным змаганьнем?»

Правільны адказ нібы на паверхні: трэба шукаць нешта сярэдняе, нейкі кампрамісны варыянт ці, як піша Дракахруст, на пачатку хоць бы «зьмену палітычнай оптыкі». А дзеля гэтага пераадолець нягнуткасьць, бескампраміснасьць апазыцыі.

Аднак, падаецца, вырашэньне праблемы ляжыць ня ў гэтай плоскасьці. Калі паглядзець на досьвед апазыцыйнай барацьбы, што цягам чвэрці стагодзьдзя панаваньня Аляксандра Лукашэнкі вялі праціўнікі рэжыму, то апазыцыя (за невялікім выключэньнем) ніколі не была супраць дыялёгу, перамоваў з уладамі. Усё ўпіралася ў пазыцыю другога боку. Гэта было абсалютна непатрэбна рэжыму.

Калі вяртацца да папярэджаньня Яўгена Прэйгермана ўвесну 2020 году, што бяз пэўнага паразуменьня паміж уладай і апазыцыяй Беларусь могуць чакаць вельмі кепскія часы. Дракахруст піша: «Шматлікія лідэры думак амаль аднагалосна адкінулі прапанову Яўгена». Мне таксама давялося ўдзельнічаць у той дыскусіі. Таму ўзгадваю, што прапанову Прэйгермана адкінулі ў асноўным не таму, што яна няправільная, а таму, што нерэалістычная. Бо паразуменьне магчымае, калі да яго імкнуцца два бакі.

Можна сказаць, што навошта тады ў красавіку 2020 году рэжыму Лукашэнкі было весьці нейкі дыялёг са слабой апазыцыяй. Але і ў жніўні-верасьні таго году, калі на вуліцы выходзілі сотні тысяч беларусаў, усё ўпіралася ў бескампрамісную пазыцыю кіраўніка Беларусі.

Нагадаю, што Каардынацыйная рада, якая стыхійным чынам была створаная ў тыя гарачыя жнівеньскія часы, бачыла сваю функцыю не ў перахопе ўлады, а ў арганізацыі перамоваў дзеля мірнага выйсьця з крызісу. І Лукашэнка тады некалькі разоў паўтарыў, што, маўляў, вы можаце мяне забіць, але ні на якія саступкі я не пайду.

Вось і цяпер на прапанову Аб’яднанага пераходнага кабінэту зладзіць круглы стол, правесьці перамовы з афіцыйным Менскам Лукашэнка адказаў катэгарычнай адмовай.

Калі глядзець у пэрспэктыву, то перамены ў Беларусі магчымыя толькі пасьля адыходу Лукашэнкі ад улады. На гэтым і варта будаваць стратэгію, абмяркоўваць, як упісацца ў постлукашэнкаўскую Беларусь.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.2(9)