Дык вось, чуткі пра больш жорсткую палітыку разышліся далёка — і ў Іраку, і ў Афганістане і ў іншых краінах. А пакуль не сфармаваны ўрад, пакуль усе жорсткія мерапрыемствы не імплементаваны ў адпаведныя законы — так бы мовіць, ёсць магчымасць заскочыць у апошні вагон, яшчэ па старых правілах трапіць у Германію.
Фрыдман: «Людзі гатовыя скарыстаць, магчыма, апошні шанец, гатовыя ісці ва-банк»
Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман тлумачыць, чаму палёгкі на беларуска-еўрапейскіх межах чакаць не выпадае.
З пачатку вясны расце актыўнасць нелегальных мігрантаў на межах Беларусі і краін Еўразвязу. У прыватнасці, Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы паведаміла пра напад на аўтамабіль памежнікаў, прычым сярод нападаючых быў заўважаны чалавек у форме беларускіх служб. Таксама ў разы павялічылася колькасць зафіксаваных спроб нелегальна трапіць з Беларусі ў Літву і Латвію.
Толькі за мінулыя выходныя былі спыненыя 32 спробы нелегальнага перасячэння мяжы з Літвой, 44 — з Латвіяй, 115 — з Польшчай. Пры тым усе памежнікі адзначылі агрэсіўнасць мігрантаў. Чым гэта тлумачыцца?
На думку палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана, у росце актыўнасці мігрантаў ёсць некалькі чыннікаў.
— Гэта абсалютна лагічнае ўзмацненне хвалі, і яно будзе відавочна працягвацца ў бліжэйшыя тыдні, — зазначае Аляксандр Фрыдман у эфіры Еўрарадыё.

— Звязана гэта і з пацяпленнем, звычайна летам больш мігрантаў, чым у халодны перыяд году. А другая частка звязаная з тым, што, хутчэй за ўсё, Германія зробіць жорсткай сваю міграцыйную палітыку.
Фрыдрых Мерц (найбольш верагодны будучы канцлер Германіі — С.) выказаўся ў інтэрв’ю за тое, што ён будзе імкнуцца знізіць колькасць мігрантаў у краіне да планкі менш чым 100 тысяч чалавек у год. Паводле кааліцыйнай дамовы, будзе ўзмоцнены кантроль межаў, нелегалаў будуць высылаць, — прадугледжаны цэлы шэраг мерапрыемстваў.
Выглядае на тое, што міграцыйная палітыка Германіі стане больш жорсткай. І гэта ж не сакрэт, што большасць тых людзей, якія спрабуюць праз Беларусь прабрацца ў Еўропу, накіроўваюцца менавіта ў Германію.
Таму, я думаю, тэндэнцыі на мяжы будуць толькі ўзмацняцца. І агрэсія будзе расці, і колькасць сутыкненняў з памежнікамі, бо людзі гатовыя скарыстаць, магчыма, апошні шанец, гатовыя ісці ва-банк.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное