Фрыдман: «Гісторыю пра георгіеўскую стужку да Лукашэнкі давялі. Пуціну такое не спадабалася»

Гісторык і палітычны аглядальнік — пра тое, як беларускія ўлады вымушаныя інтэгравацца з наратывамі Крамля.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін сустрэліся 29 красавіка ў Валгаградзе*, дзе сярод іншага ўзялі ўдзел у міжнародным форуме так званай саюзнай дзяржавы, прымеркаваным да 80-годдзя перамогі ў Другой сусветнай (паводле савецкай традыцыі, Вялікай Айчыннай) вайне. Абодва зрабілі шэраг гучных заяў, абвінаваціўшы заходнія краіны ў «перапісванні гісторыі» і ўсталяванні «помнікаў фашысцкім палачам».

Але ж наратывы пра тое, што «спадчыннікам герояў-пераможцаў» нібыта супрацьстаяць «нашчадкам прайграўшых прыхільнікаў Трэцяга рэйха» інакш, як скажэннем гісторыі, не назавеш. Што гэта было і на каго разлічаныя адыёзныя заявы?

— Гэтае мерапрыемства, з гледзішча Расіі, — вельмі важны крок для таго, каб канчаткова інтэграваць наратывы, якія ў атачэнні Лукашэнкі хай касметычна, але ўсё ж адрозніваюцца, у агульныя — расійскія, — зазначае гісторык Аляксандр Фрыдман у эфіры Еўрарадыё.

Аляксандр Фрыдман

І тое, што Лукашэнка ў гэтай канферэнцыі ўдзельнічаў, і тое, як гэта асвятлялася, якія заявы рабілі прадстаўнікі ягонага рэжыму, паказвае, што нейкая самастойнасць, у пэўным сэнсе іншы погляд на падзеі вайны — яны ўжо выключаныя.

Ёсць толькі тэматычныя асаблівасці, звязаныя з вайной, якія не адыгрываюць сур’ёзнай ролі ў расійскім кантэксце, але лукашэнкаўцамі падкрэсліваюцца. Напрыклад, гісторыя з Брэсцкай крэпасцю. Маўляў, Беларусь — як Брэсцкая крэпасць, гатовая як і тады, так і цяпер супрацьстаяць нападу. Гэту метафару Лукашэнка актыўна выкарыстоўвае.

Сярод іншых тэм вайны, якія педалююць беларускія ўлады, Аляксандр Фрыдман называе гісторыю Хатыні як сімвала знішчаных вёсак і «генацыду беларускага народу», гісторыю партызанскага руху. Аднак на канферэнцыі ў Валгаградзе, на ягоную думку, была спроба ўсё гэта інтэграваць у «галоўны», адзіны погляд і палітычную інструменталізацыю тэмы мінулай вайны.

У лукашэнкаўскай Беларусі ў гэтым сэнсе роля абсалютна зразумелая: пераймаць расійскія трэнды. Самастойнасць у інтэрпрэтацыях фактычна немагчымая. І сітуацыя з Лукашэнкам, які апраўдваўся за георгіеўскую стужку, вельмі прыкметная ў такім кантэксце.

— Калі паглядзець, яку апошнія 20-25 гадоў святкаваўся Дзень Перамогі ў Расіі і як адзначаўся ў Беларусі — канешне, хапала агульных атрыбутаў, але і на ўзроўні сімвалаў, і на ўзроўні наратываў прысутнічалі адрозненні. Напрыклад, тыя ж георгіеўскія стужкі, якія ў Беларусі амаль не выкарыстоўваліся, і відавочна было, што беларускія ўлады не асабліва прыхільна да іх ставіліся. У той час, як у Расіі яны мелі вялікае значэнне.

Тое ж самае і з акцыяй «Бессмяротны полк», якая для Пуціна важная — у Беларусі яна фактычна не праводзілася.

Зараз жа Лукашэнку прыйшлося на гэта пэўным чынам рэагаваць, апраўдвацца, падкрэсліваць, што ён-то і не супраць, і «ў нас праводзіцца прыкладна тое ж самае».

Тое, што гэтая тэма ўвогуле ўзнікла, паказвае: ад Лукашэнкі чакаюць, не ведаю толькі ,ці кажуць адкрытым тэкстам: давай, заканчвай са сваімі асаблівасцямі, ты павінен праводзіць усё як у Расіі. У нас жа супольная гістарычная палітыка, ты ж сам падкрэсліваеш, што «у нас одно Отечество».

Аднак, дадае Аляксандр Фрыдман, беларускі правіцель павёў сябе досыць супярэчліва. З аднаго боку, ён пачаў апраўдвацца, што ў Беларусі георгіеўскія стужкі ніхто не забараняе, але з другога — нават рызыкнуў павучыць Пуціна, параіў таму звярнуцца да гісторыкаў і ўдакладніць сэнс і змест названага сімвала.

— Яму не хапіла смеласці, каб сказаць тое, што беларускі гісторык Ігар Марзалюк (трэба заўважыць — праўладны гісторык) распавядае ў беларускіх эфірах. Што тая ж георгіеўская стужка выкарыстоўвалася расійскімі калабарацыяністамі часоў Другой сусветнай вайны, якія ваявалі на нямецкім баку.

Або што асабліва апантаным прыхільнікам гэтай стужкі быў, напэўна, адзін з самых радыкальных ідэалагічных калабарацыяністаў, які адыграў вельмі важную ролю ў нямецкай прапагандзе на акупіраваных расійскіх, часткова на беларускіх тэрыторыях — маю на ўвазе Міхаіла Актана, гэта вельмі сумнавядомы прапагандыст.

Мне падаецца, што гэтую частку гісторыі да Лукашэнкі давялі, і на яе ён акурат намякаў. Відавочна, Пуціну такое не спадабалася, што ён і прадэманстраваў.

Па выніку — думаю, гэтым разам на 9 траўня георгіеўскай стужкі ў беларускім кантэксце будзе куды больш. Таму што Лукашэнка, па сутнасці, даў на яе выкарыстанне «зялёнае святло».

* Аэрапорт Валгаграда ад сёння ўказам Пуціна перайменаваны ў «Сталінград».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.5(32)