Политика

Рада БНР і Ціханоўская павіншавалі беларусаў з Днём аднаўлення незалежнасці

Лідарка дэмсіл заклікала не даць рэжыму знішчыць самае каштоўнае, што ў нас ёсць, а старшыня Рады БНР прапанавала беларусам на радзіме і ў эміграцыі супрацоўнічаць.

Ціханоўская: «Не дайце рэжыму знішчыць самае каштоўнае, што ў нас ёсць»

— Беларусы марылі пра незалежнасць сваёй краіны стагоддзямі. Нашыя продкі паўставалі супраць прыгнёту, баранілі сваю зямлю ад захопнікаў, захоўвалі мову і культуру. Кожнае пакаленне плаціла сваю цану, каб Беларусь жыла, — звярнулася да беларусаў Святлана Ціханоўская.

— 25 жніўня 1991 года гэтая мара здзейснілася. Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце атрымала сілу канстытуцыйнага закона, і ўпершыню з часоў БНР Беларусь зноў стала незалежнай дзяржавай.

Незалежнасць — гэта тое, што аб’ядноўвае ўсіх нас. Гэта не толькі пра межы і суверэнітэт. Гэта — пра мір і бяспеку, пра права самім выбіраць сваю будучыню.

Гэта ўпэўненасць у заўтрашнім дні для нашых дзяцей. Гэта наш сцяг, наш герб, нашая мова. Незалежнасць — гэта быць часткай свабоднай Еўропы, а не правінцыяй чужой імперыі.

Сёння незалежнасць Беларусі зноў пад пагрозай. Рэжым уцягнуў нашую краіну ў злачынную вайну і здае наш суверэнітэт Расіі.

Усё тое, за што пакаленні беларусаў змагаліся і што здабылі ў 1991 годзе, апынулася пад пагрозай.

І сёння я хачу звярнуцца да ўсіх беларусаў, і асабліва да тых, хто застаецца ў сістэме, — не дайце рэжыму знішчыць самае каштоўнае, што ў нас ёсць — нашую незалежнасць.

Беларусы ўжо не раз паказалі свету: нават у самых цяжкіх абставінах мы не апускаем рукі і не здаёмся. Мы ядналіся, баранілі сваё — і будзем рабіць гэта зноў. Бо без незалежнасці няма свабоды і няма будучыні.

Беларусь будзе жыць, пакуль жыве гэтая воля ў сэрцах беларусаў.

З Днём аднаўлення Незалежнасці! Жыве Беларусь!

Рада БНР павіншавала з угодкамі незалежнасьці Беларусі: «Ня час цяпер беларусам біцца паміж сабой»

З нагоды 34-й гадавіны аднаўленьня беларускай незалежнасьці ў 1991 годзе Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла выступіла са сьвяточным зваротам.

«Аднаўленьне Незалежнасьці адбылося ў выніку намаганьняў палітычнага авангарду нацыянальнай дэмакратыі — Беларускага Народнага Фронту. Аднак за 25 жніўня 1991 году былі стагодзьдзі змаганьня нашых продкаў, усіх тых, хто не зьмірыўся з пакаваньнем спачатку царскай, а потым камуністычнай імпэрыі», — напісала Івонка Сурвіла.

Яна выказала меркаваньне, што Беларусь ня выкарыстала напоўніцу гістарычны шанец:

— На жаль, месца чужых захопнікаў заняў дыктатар, які ня толькі ня любіць зямлі, якую здабыў хлусьнёй, але якой ён гатовы гандляваць, каб утрымаць узурпаваную ім уладу.

Здраджаны народ застаецца ў няволі, дыктатар пры падтрымцы Масквы разгарнуў супраць яго татальны тэрор, і сотні тысячаў беларусаў ня маюць іншага выйсьця, як шукаць прытулку на чужыне.

Сурвіла заклікала беларусаў і на радзіме і ў дыяспары, берагчы культуру, шанаваць спадчыну, ня страчваць пачуцьця прыналежнасьці да сваёй зямлі, захоўваць беларускую мову:

— У 2020-м годзе беларусы паказалі сьвету, што яны жывы народ, які жадае сам вырашаць свой лёс. Нягледзячы на вымушаную эміграцыю сотняў тысяч беларусаў, мы застаемся адзіным народам — тыя, хто на Бацькаўшчыне і тыя, хто на чужыне.

Івонка Сурвіла заклікала беларусаў на радзіме і ў эміграцыі супрацоўнічаць, адкласьці пакуль што крытыку адных другімі:

Ня час цяпер беларусам біцца паміж сабой. Бо залёгка было б двум дыктатарам — Пуціну і Лукашэнку — зьнішчыць нас да апошняга. Мусім зразумець што мы толькі тады асягнем нашую мэту, калі будзем зьяднанай нацыяй.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(33)