«Было смешна як мы, пенсіянеры, загналі амапаўцаў у аўтазак»

Што было смешным на пратэстах, як пенсіянеры надавалі кухталёў Азаронку, пра жахлівае ў лагеры бежанцаў, і чаму ёй крычалі «Ала — наш герой!», «Салідарнасці» распавяла мінчанка, якая падчас маршу пенсіянераў атрымала дубінкай па галаве за тое, што адцягнула ад амапаўца хлопца, якога збівалі.

Фота прадастаўленыя суразмоўніцай «Салідарнасці»

— Ала, ваша мама калісьці казала: «Што б ні здарылася, сцісні кулакі і зразумей, што ты справішся». Ці ўзгадваеце вы яе словы пасля 2020-га, і як атрымліваецца «спраўляцца» у Бельгіі, дзе вы зараз жывеце?

— Я двойчы пабывала ў засценках: у Жодзіна і на Акрэсціна. Пасля захварэла на кавід, ляжала дома з тэмпературай, і да мяне прыйшлі два прыемных хлопчыка. Сказалі, што з міліцыі, папрасілі мой тэлефон.

А я толькі забрала мабільны з міліцыі і зразумела, што яны не адтуль. Спалохала іх кавідам і зразумела, што мне трэба з’ехаць.

Працавала ў Польшчы на рыбным заводзе, дзе моцна захварэла і з’ехала да знаёмай беларускі ў Чарнагорыю. Праз два месяцы пачалася вайна, і мы ўдзельнічалі ў антываенных пратэстах.

Паколькі Чарнагорыя – прарасейская краіна, за намі пачалі сачыць, і прыйшлося ўцякаць у Бельгію. Спалі на падлозе ў гаражы, бо не было месца, прыехала вельмі шмат украінцаў.   

Мы не ведалі, куды падзецца. Паехалі ў Чырвоны Крыж прасіць палітычны прытулак. У лагеры бежанцаў на 600 чалавек была я і яшчэ адзін беларус.

Ніколі не забуду свой пакой. Адны афрыканкі, вельмі шумныя, асабліва жанчыны з Самалі. У іх іншыя ўяўленні пра гігіену.

У мяне нават пачаўся нервовы стрэс, бо яны ператварылі пакой у прыбіральню. Яна была ў дзесяці метрах, але ўначы усё пяць чалавек, з якімі я жыла, туды не хадзілі, карысталіся вёдрамі.

Я не спала па начах, і мне далі псіхолага, украінку, якая вельмі дапамагла.

Разумела, што павінна выжыць, вось тады вельмі часта узгадвала маму, якая моцна мяне падтрымлівала раней, яшчэ ў Беларусі, калі я разводзілася. Усе яе словы мяне грэлі і ў лагеры. Я верыла, што падтрымка продкаў дапаможа ў любой сітуацыі.

«Гэта тое самае, што і Акрэсціна, толькі з вольным выхадам»

Што за гэты час для вас было самым цяжкім?

— Калі ў лагеры я сутыкнулася з агрэсіяй. З намі жыла неўтаймаваная самалійка. Ёй вельмі не падабалася, што я нашу крыжык.

Калі быў Рамадан, яны ўсю ноч малілся. Яна прыходзіла а шостай і клалася спаць. А я якраз збіралася ў каледж на курсы. Давядося ўключыць святло, бо згубіла шапку. Яна ўскочыла і з такой злосцю кінулася на мяне са стулам — думала, заб’е.

Я крычала, плакала, прасіла суседак-афрыканак: «Дапамажыце — мяне заб’юць!» А тыя ляжалі і радаваліся.

Было вельмі цяжка, псіхолаг нават ужывала гіпноз, каб мяне супакоіць.

Калі знаёмы беларус, не з лагера, убачыў, дзе я жыла — 6 чалавек у маленькім пакоі, бруд — не вытрымаў: «Гэта тое самае, што і Акрэсціна, толькі з вольным выхадам». У такіх умовах я знаходзілася два з паловай гады.

Старалася менш бываць у лагеры, больш гуляць. Там вельмі прыгожая мясцовасць, рака, сам горад Намюр (сталіца бельгійскага рэгіёна Валонія) цудоўны, старажытны.

У лагеры, у такіх умовах працяглы час… Ці не было думкі вярнуцца ў Беларусь? Зразумела, страшна і рызыка, але ж і тут ужо немагчыма?

— Было такое, калі пачыналася настальгія. Бо сям’я ж мая там, дзеці, унукі, вельмі сумавала.

Часам думала: «Ну, у турме, магчыма, мне б было лягчэй...» Але разумела, што з маімі хваробамі — у мяне дыябет — я там не вытрымаю.

Калі знаходзілася на Акрэсціна, то папрасіла ў жанчыны, што развозіла ежу: «Мне, калі ласка, давайце гарбату без цукру, бо ў мяне дыябет». На што яна адказала: «Я вас не услышала». Тады і зразумела, што я там проста не выжыву.

Таму я дзякую ўраду Бельгіі, які даў мне дах над галавой. Лячэнне і лекі я атрымліваю бясплатна. Пэўныя грошы давалі на харчаванне. У гэтым плане было не так і дрэнна.

Ды і пад канец у лагеры я пачала разумець афрыканак, а злосных самаліек перавялі ў іншы пакой. Астатнія былі нармальныя, і я ўжо ведала як да іх ставіцца. Калі ўзнікалі праблемы, выклікала асістэнта, і ўсталёўвалася перамір'е. З адной афрыканкай дык увогуле пасябравала.

У нас быў яшчэ добры лагер, бо ён у горадзе. А вось мы размаўлялі з беларусамі, якія жылі і сярод прусакоў, клапоў і чаго там толькі не было. Ім яшчэ горш было. Таму мне скардзіцца амаль не было на што.

«Людзі спыніліся, пазналі мяне і пачалі крычаць у адказ: «Ала наш герой!»

Як вы ўвогуле вытрымалі ўвесь гэты жах?

— Я чалавек пазітыўны і ўсе тыя цяжкасці перажыла. А слёзы на вачах бываюць, калі я думаю пра Беларусь. Пра тое, як пакутуюць людзі ў турмах, бо ведаю, як там ставяцца да палітычных зняволеных. Вось гэта праблема.

А мой лагер ў мінулым, я цяпер жыву ва ўтульнай кватэры ў Намюры, бо атрымала станоўчае рашэнне ад бельгійскага ўрада. Пазнаёмілася з беларусамі, якія жывуць тут і ў Брусэлі. І мясцовыя жыхары вельмі добразычлівыя, заўсёды гатовы дапамагчы, робяць гэта з усмешкай, вельмі ветлівыя. Я проста закахалася ў Намюр і яго жыхароў.

А вы ведаеце ангельскую, ці як вы камунікуеце?

— Я скончыла ін’яз, таму ведаю нямецкую і ангельскую, якой тут мала хто карыстаецца. Таму зараз вучу французскую, хаджу на курсы. 

Для мяне галоўная праблема — будучыня маёй краіны. Каб не было вайны, каб у Беларусі ўсталявалася дэмакратыя. Вось гэта самае галоўнае, пра што я хвалююся.

Але недзе ўнутры ў мяне добрае адчуванне, што Беларусь будзе спакойнай, шчаслівай і вольнай краінай. Веру, што будучыня Беларусі ў Еўразвязе, у добрых адносінах з суседзямі. Тое, што і павінна быць, а супрацьстаянне, якое зараз адбываецца — гэта ненармальна і павінна калісьці скончыцца.

Ніколі не забуду, як падчас мірных пратэстаў бывала ў Малінаўцы. Там увечары пачыналася цудоўная пераклічка. Людзі стаялі ля вакон і крычалі: «Жыве Беларусь! Беларусь будзе вольнай краінай!»

Мяне гэта падтрымлівае і натхняе нават і зараз.

Адзін з самых прыемных для мяне момантаў адбыўся зімой, калі ўжо заканчваліся пратэсты. Я сябе дрэнна адчувала пасля таго, як мяне атруцілі газам у аўтазаку. І сын мяне не пускаў на пратэсты, казаў, што сам не ходзіць, і я не пайду. Сачыў, каб у нядзелю сядзела дома.

Аднойчы я ўбачыла вялізную грамаду людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі. Сын быў у сваім пакоі, а я зачыніла дзверы, узяла сцяг, вылезла ў акно і стала крычаць: «Жыве Беларусь!»

Людзі спыніліся, пазналі мяне і пачалі крычаць у адказ: «Ала — наш герой!»

Гэта быў апагей майго ўдзелу ў мірных пратэстах, які дагэтуль узгадваю з вялікай радасцю і цеплынёй.    

«І тады я зразумела, што беларусы самыя лепшыя ў свеце людзі»

— Я чалавек легкі, дрэннае навучылася адкідваць назад, забываць. Бо калі ўвесь час жыць праблемамі ды цяжкасцямі — нічога добрага не будзе. Трэба думаць пазітыўна. Так, у 2020-м было цяжка, беларусы шмат перажылі. Але ж я з гумарам, часам, узгадваю гэта ўсё.

Як гэта?

— Я напісала кнігу пра свой удзел у пратэстах. Яна пакуль у электронным варыянце, але думаю, што трэба яе ўсё ж такі выдаць. Там не толькі пра страшныя моманты, але і шмат гумару. Усяго было: ідзем — і радасць, і слёзы, і страх, і кроў. Але і шмат светлага.

Узаемадапамога. Калі мы ішлі на нашых пенсіянерскіх маршах, уздоўж стаяла моладзь. Яны глядзелі на нас і плакалі. Гэта была такая падтрымка!..

І тады я зразумела, што беларусы — самыя лепшыя ў свеце людзі. Я і тут сустракаюся з беларусамі, адчуваючы моцную падтрымку і ўзаемадапамогу.

А самы смешны момант быў, як мы, пенсіянеры, загналі амапаўцаў у аўтазак. Мы былі з сяброўкай. Сабраліся каля стэлы, дзе было 8-10 пенсіянераў, мужчын і жанчын.

Адзін мужчына пачаў камандваць: «Сталі ў счэпку!» Мы сталі. І на нас пайшоў амап. А мы ўчапіліся адзін за аднаго і пачалі моцна крычаць, з усяе сілы. Ажно горла забалела.

А потым гэты наш мужчына, высокі і здаравенны, хоць і пенсіянер, схапіў бутэльку з вадой ды пайшоў на амап. А мы за ім, з дзікім крыкам. Яны так напалохаліся, што пабеглі ў аўтазак і зачынілі перад нашым «важаком» дзверы. А потым у інтэрнэце напісалі, што «возле Стэлы оказывала организованное сопротивление омону группа женщин».

А яшчэ мы, пенсіянеры, надавалі кухталёў Азаронку. Ён вёў рэпартаж каля стэлы, а побач стаяла маленькая бабулька. У мяне рост 1,60, у яе, мо, 1,50, калі не менш. І яна падбегла да Азаронка і пачала біць яго ззаду сумкай. Ён як стаяў дык ад нечаканасці толькі і вымавіў: «Упс...»

«Мару схадзіць у Купалаўскі, калі туды вернуцца ўсе нашы акцёры і наша родная мова»

А што ў вас наконт працы, ці пенсіянеру ў Бельгіі можна добра пражыць, не працуючы?

— Амаль паўгода ў лагеры я працавала ў прыватнай школе, выкладала ангельскую мову. Зараз да лета хаджу ў каледж, вывучаю французскую мову. І дзяржава так, дапамагае. Я вельмі за гэта ўдзячна. Прыходзілі і з сацыяльнай службы, правяралі, ці добрыя ў мяне ўмовы жыцця.

Бельгія – вельмі дарагая краіна, але грашовая дапамога дастатковая, каб нармалёва жыць.

Калі б заўтра вярнуцца ў вольную Беларусь, што ў першую чаргу зрабілі б пасля абдымкаў з блізкімі?

— Я чалавек актыўны, давала б інтэрв’ю, можа, і да тэлебачання б дабралася (усміхаецца). Дакладна не сядзела б на месцы!

Мару схадзіць у Купалаўскі тэатр, калі ўсе нашы акцёры туды вернуцца, калі туды вернецца наша родная мова. Бо чытала, што зараз там імпрэзы на расейскай, і гэта ненармальна.

І, канешне, паехала б у родную вёску ў Клецкі раён да магілы маіх бацькоў. Падзякаваць маму за яе словы падтрымкі, якія яна казала мне калісьці і якія шмат гадоў выцягвалі і моцна грэлі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(11)