Скандалы

Арыштаваны начальнік камітэта аховы здароўя Мінска Ігар Юркевіч

Амбітны і перспектыўны чыноўнік Ігар Юркевіч, які меў перспектывы стаць наступным міністрам аховы здароўя, пагарэў на атрыманні хабару. Як стала вядома Нашай Ніве, з канца мінулага працоўнага тыдня ён знаходзіцца ў СІЗА.

 

Ігар Юркевіч — адзін з топавых чыноўнікаў у медыцынскай сферы. З 2023 года ён займаў пасаду старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама. Прычым трапіў на гэтую высокую пасаду другі раз — гэта вельмі рэдкая гісторыя.

Далейшая траекторыя яго кар'еры, у прынцыпе, была ясная: з пасады начальніка сталічнага камітэта здароўя наступная лагічная прыступка — гэта толькі міністр. Работнікі сістэмы і акружэнне разумелі, куды меціць Юркевіч, ды і сам ён гэтага не хаваў.

Ігар Юркевіч нарадзіўся ў 1976 годзе ў Століне, паходзіць з медыцынскай дынастыі. Яго бацька быў загадчыкам аддзялення ў раённай бальніцы, маці працавала там жа медсястрой.

Юркевіч з чырвоным дыпломам скончыў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт, але размеркаваўся на малую радзіму. Пасля некалькіх гадоў працы ў Століне перабраўся ў Мінскую інфекцыйную бальніцу. У 2009-2011 Юркевіч быў у ёй галоўным урачом, пасля чаго пайшоў у чыноўнікі.

У 2011-2014 ён першы намеснік старшыні камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, у 2014-2017 — старшыня камітэта.

У 2017-2019 Юркевіч быў віцэ-мэрам Мінска, адказваў за сацыяльныя пытанні. Ён стараўся дэманстраваць сябе адкрытым чыноўнікам, катаўся з журналістамі на веласіпедах. Дый увогуле першае інтэрв'ю даваў незалежным медыя, за што пасля атрымліваў ад прапаганды.

Разам з тым менавіта за подпісам Юркевіча прыходзіў адказ аб тым, што мемарыяльная шыльда да 100-годдзя БНР не будзе ўсталяваная.

 

У 2019-м Юркевіча выслалі антыкрызісным менеджарам у 6-ю клінічную бальніцу Мінска, дзе ён праседзеў кіраўніком да 2023 года.

І ўжо адтуль трыумфальна вярнуўся ў кіраўнікі камітэта аховы здароўя Мінгарвыканкама.

У Юркевіча ўсё пёрла, яго прозвішча ўсю вясну не знікала са стужкі БелТА: заробкі ў сталічнай ахове здароўя за 2024 склалі 110,46% ад узроўню 2023, тэмпы росту экспарта медыцынскіх паслуг перавыканалі план і выраслі на 109,7%, укамплектаванасць доктарскіх пасад вырасла да 95% усяго за год працы Юркевіча на пасадзе, дактары нібыта перасталі звальняцца, а ў 2025-м планавалася здаць шэсць новых будынкаў, у тым ліку — чатыры паліклінікі.

Але на мінулым тыдні нешта здарылася. Юркевіч перастаў з'яўляцца на рабоце і заходзіць у месенджары.

Як стала вядома суразмоўцам «Нашай Нівы», Юркевіча затрымалі пры атрыманні хабару. Ён знаходзіцца ў СІЗА.

Па абвінавачванні ў карупцыі чыноўніку можа пагражаць да 15 гадоў зняволення незалежна ад таго, якую суму ён атрымаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)